Навошта ўладам кантроль за наведваннем садкоў?



Неабходнасць кантролю за наведваннем дзіцячых садкоў – гэта неабгрунтаваная і накіраваная не ў бок інтарэсаў грамадзян ініцыятыва. У гэтым перакананы былы намеснік кіраўніка аддзелу адукацыі па Берасцейскай вобласці Мікалай Коўш. Кантраляваць наведванне дашкольных установаў хоча віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Качанава. Яна перакананая, што калі дзіця адсутнічае без дакументальнага пацверджання, то можа быць адлічана з садка або бацькі павінны будуць уносіць дадатковую плату. Прыкладна з такой жа ініцыятывай выступаў былы віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік.

Мікалай Коўш пераканы, што такім чынам дзяржаўныя чыноўнікі хочуць вырашыць праблему недастатковага фінансавання з бюджэту галіны адукацыі:

– Падаплёка ўсіх гэтых дзеянняў заключаецца ў тым, што на народную адукацыю выдзяляюць мала сродкаў. Таму лічаць, што дадатковыя рэсурсы трэба знайсці ўнутры сістэмы. А дзе іх шукаць? А гэта – аптымізацыя ўстаноў адукацыі, іх закрыццё, платнае навучанне ў сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установах. А зараз дабраліся і да дзіцячых садкоў. Там і так малыя грошы.

Як адзначыў Мікалай Коўш, раней з рэспубліканскага бюжэту на адукацыю выдаткоўвалася не менш за 10 працэнтаў ад агульнай сумы. Аднак дэпутаты адмянілі такую норму.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота slavyansk2.ru