Навукоўцы: Рэзка пагоршыўся стан беларускіх азёр
Як кажа прадстаўнік Навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук па біярэсурсах, навуковы каардынатар праекта ПРААН-ГЭФ «Ветландс» Аляксандр Казулін, стан беларускіх азёр і поймаў некаторых рэк імкліва набліжаецца да катастрафічнага.
– Вельмі хутка губляюцца рыбныя рэсурсы. Калі раней дабывалі 50 тон з возера, то зараз там – 1-2 тоны. І асноўныя праблемы – гэта забруджванне азёраў, як стокі, так і з паветра выпадае вялікая колькасць мінеральных рэчываў. Затым – зарастанне нерасцільняў, звязанае з гэтым. Як толькі нерасцільні зарастаюць, шчупак перастае размнажацца, яго месца займаюць зусім іншыя віды. Ідзе вельмі хуткая перабудова іхціафауны, і адразу выпадае язь ды іншая каштоўная рыба, а ўсё засяляецца практычна непрамысловай рыбай.
Рыбапрадукцыйнасць поймаў шэрагу рэк, напрыклад Прыпяці, таксама знізілася, кажа Аляксандр Казулін. «Сітуацыю трэба мяняць, хутчэй за ўсё, як і ў справе аднаўлення балот, будзем супрацоўнічаць з Глабальным экалагічным фондам», – сказаў Аляксандр Казулін.
– Мінпрыродай падрыхтаваны праект, а наступны праект ГЭФ, хутчэй за ўсё, будзе скіраваны на экасістэмы натуральных азёраў. І гэты праект таксама будзе накіраваны на рашэнне такой праблемы, якая ў нас набыла катастрафічныя памеры, – гэта зарыбленне натуральных азёраў карпам і карасём. Гэта вялікая праблема. Са знікненнем там гэтых каштоўных відаў рыбы, чырвонакніжных відаў раслін і г. д. То бок поўнасцю перабудоўваюцца вадаёмы.
Азёры – адзін з сімвалаў Беларусі, у нашай краіне іх налічваецца каля 11 тысяч.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя