Навукоўцы заклікалі шукаць на Пружаншчыне метэарыт



Навіна пра метэарыт, што праляцеў над Пружаншчынай у калядную ноч 7 студзеня ў 3.33 (па дадзеных камер відэаназірання ў Берасцейскім раёне), распаўсюдзілася ў сродках масавай інфармацыі з хуткасцю святла. Адразу ж “пасыпаліся” заклікі шукаць месца падзення нябеснага госця. І, як аказалася, нездарма.

Днямі раён наведала група навукоўцаў — супрацоўнікаў Польскай лабараторыі камет і метэораў, якія збіралі аповеды магчымых відавочцаў рэдкай з’явы, паколькі некалькі польскіх фотакамер таксама зафіксавалі пралёт метэарыта ў бок Пружан. 

Як адзначаюць замежныя даследчыкі, метэарыт пры пралёце праз атмасферу мог важыць да 500 кг, а пры падзенні — да 100 кг. Ён таксама мог раздрабніцца на меншыя кавалкі — ад 50 кг да 100 г. 

Па навуковых разліках была вызначана прыкладная зона падзення метэарыта. А гэта раён вёсак Палонна-Забалацце, Смаляны, Задвараны, Тулоўшчына, Загор’е і Стасюкі. У суседнім Бярозаўскім раёне – Давыдавічы, Бухалі, Міхновічы.

Спецыялісты заклікаюць мясцовых жыхароў як мага хутчэй правесці пошукі нябеснага каменя, пакуль ён яшчэ ляжыць на паверхні зямлі (з пачаткам палявых сельгасработ знайсці рэшткі метэарыта будзе амаль немагчыма).

Для навукоўцаў вельмі важна зафіксаваць фотаздымкамі месца падзення метэарыта і яго знешні выгляд, а таксама вызначыць дакладныя каардынаты гэтага месца. 

Па іх меркаванні, знешне “пружанскі” метэарыт павінен быць чорным, а на сколах — больш светлым. Верагодна, метэарыт быў жалезным, таму нават малыя яго кавалкі будуць параўнальна цяжкімі.

Неабыякавым пружанцам прапануюць, калі трапіцца ў вызначанай зоне падобны “камень”, сфатаграфаваць знаходку, вызначыць яе каардынаты і паведаміць навуковым супрацоўнікам музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

budni.by