Навуковец: Службовых асоб, якія не валодаюць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, трэба звальняць
Службовых асоб, якія не валодаюць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, трэба звальняць за прафесійную непрыдатнасць. Такое меркаванне выказаў 20 лютага на пасяджэнні круглага стала „Беларуская мова і бізнес” у Нацыянальнай акадэміі навук першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ па навуковай працы Аляксандр Лукашанец.
„Ідучы сюды, я прачытаў у інтэрнэце, як адна дырэктарка школы, якая была старшынёй нейкай участковай выбарчай камісіі, адмовілася размаўляць па-беларуску, заявіла, што яна не абавязаная ведаць беларускую мову, — адзначыў акадэмік. — Яна, кіраўнік дзяржаўнай установы, лічыць, што яна не павінна ведаць дзяржаўную мову. Аднак у нас ёсць Канстытуцыя і ёсць закон аб мовах, дзе сказана, што кожная службовая асоба павінна валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі для выканання сваіх службовых абавязкаў. <…> Заканадаўства існуе, і яно павінна строга выконвацца. Прадугледжаныя пэўныя меры адказнасці за незадавальненне права грамадзяніна атрымаць адказ, інфармацыю на той ці іншай мове”.
„Такіх спецыялістаў трэба звальняць, таму што яны не адпавядаюць сваёй службовай пасадзе. Веданне дзяржаўных моў для службовых асоб павінна быць абавязковым патрабаваннем у плане прафесійнай прыдатнасці”, — перакананы Лукашанец.
Гаворка ідзе пра інцыдэнт, які здарыўся ў Менску падчас выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў паміж назіральнікам Ігарам Хлябам і дырэктарам школы № 185 Галінай Юрцэвіч, якая была старшынёй выбарчай камісіі на арганізаваным у школе выбарчым участку. Пра гэтую гісторыю 20 лютага расказала на сваім сайце газета „Наша ніва„.
Паводле сведчання назіральніка, дырэктар школы „адмаўлялася ўспрымаць беларускую мову — не разумела, што напісана ў пратаколе-накіраванні, не ўспрымала вусную гаворку”. На просьбу журналістаў выдання пракаментаваць гэтую сітуацыю Юрцэвіч заявіла: „А дзе напісана, што дырэктар школы павінна беларускую мову разумець?” — развіталася і паклала трубку.
belapan.by