Назіральнай камісіі не дазволілі сустрэцца з палітвязнем Жамчужным



Адміністрацыя Горацкай ПК №9 не дала грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі Магаблвыканкама сустрэцца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт mspring.online. 

Папраўчая калонія №9 у Горках. Фота: ПЦ „Вясна”.

Раней дырэктарка беларускага Дома правоў  чалавека Таццяна Равяка  звярнулася   ў рэгіянальную і рэспубліканскую ГНК з просьбай праверыць Горацкую ПК №9, дзе ўтрымліваецца Жамчужны, паколькі ўбачыла пагрозу яго жыццю і здароўю. Па яе інфармацыі, 24 студзеня мужчыну жорстка збіў іншы асуджаны.

13 сакавіка Магілёўская абласная камісія сумесна з рэспубліканскай пры Міністэрстве юстыцыі праверыла, у якіх умовах утрымліваюцца зняволеныя ПК №9. 

Адміністрацыя калоніі заявіла, што паўнамоцтваў у назіральнай камісіі пры Магілёўскім аблвыканкаме на асабістую сустрэчу са зняволеным няма.

Нядопуск да Міхаіла Жамчужнага – гэта ўжо другі выпадак, калі грамадскай назіральнай камісіі не даюць сустрэцца з палітвязнем. Раней ГНК  не далі наведаць Дзмітрыя Паліенку ў бабруйскай ПК №2.