Назіральнік кінуў пад ногі старшыні выбарчай камісіі свае медалі на знак пратэсту



Незалежны назіральнік, ветэран-афганец, узнагароджаны медалём «За адвагу» Аляксандр Сахарук з Берасця на ўчастку №78, сярэдняя школа №14 кінуў пад ногі старшыні выбарчай камісіі Ніне Калядзе свае юбілейныя медалі.

Іх ён атрымаў як ветэран-афганец па ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Гэта быў адчайны знак пратэсту, што яму не дазвалялі і сёння не дазволілі назіраць за выбарамі, – кажа Аляксандр Сахарук:

– Не дапусцілі да назірання за выбарамі, як ні прасіў, у іх свае «кішэнныя» назіральнікі з настаўнікаў, былых і цяперашніх. Я тут на прыступках правёў тры дні. Маю дзяржаўную ўзнагароду, прасіў прэферэнцый, каб мяне не выправадзілі. Я маю ўсё ж такі маральнае права, я зарабіў яго. Звярнуўся да Ніны Каляды. На што яна адказала: пакіньце памяшканне.

Паводле Аляксандра Сахарука, пасля гэтага жэсту ён пазбаўлены акрэдытацыі і цяпер запісвае тых, хто прагаласаваў, з вуліцы, седзячы на табурэтцы, якую прынёс з дому.

Беларускае Радыё Рацыя