Назіральнік просіць ЦВК спыніць прымус студэнтаў да ўдзелу ў выбарах



Назіральнік Зміцер Салаўёў накіраваў электронны зварот на адрас Цэнтральнай выбарчай камісіі, у якім просіць прыняць неадкладныя меры па спыненні дзенняў службовых асобаў па прымусе студэнтаў  да ўдзелу ў мясцовых выбарах.

Ён паведамляе, што зарэгістраваны ў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Маскоўскага раёна Менска па выбарах у Мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання і 9 лютага звярнуўся з заявай непасрэдна ў камісію па факце парушэння артыкула 5 Выбарчага кодэксу.

Падставай для звароту паслужыла інфармацыя, змешчаная ў сродках масавай інфармацыі (сайт газеты “Наша Ніва”, а таксама ў сацыяльных сетках), пра тое, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце “камандзір студэнцкай службы бяспекі БДУ”  Максім Шалюта робіць заклікі да студэнтаў абавязкова прыняць удзел у датэрміновым галасаванні (прагаласаваць абавязкова 13.02.2018 – у першы дзень датэрміновага галасавання).

Аднак гэтая заява назіральніка была вернутая поштай з адказам, што падобныя пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю тэрытарыяльнай камісіі.

Зміцер Салаўёў лічыць дзеянні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Маскоўскага раёна Менска неправільнымі і просіць ЦВК разгледзець яго зварот па сутнасці і прыняць неадкладныя меры па спыненні дзеянняў службовых асобаў па прымусе студэнтаў да ўдзелу ў выбарах.

Паводле spring96.org