Назіральніка ў пакаранне перасадзілі на крэсла



Старшыня выбарчай камісіі №7 Савецкага раёна Гомеля паскардзіўся на незалежнага назіральніка. І ў пакаранне прапанаваў перасадзіць таго на крэсла. Канфлікт узнік пасля таго, як назіральнік Арцём Касавараў зафіксаваў парушэнні. Паводле старшыні выбарчай камісіі Міхаіла Дарашкова, назіральнік падчас назірання спаў на канапе, а ў канцы дня заявіў пра прыпіскі. Каардынатар назірання «Права выбару» па Гомельшчыне Васіль Палякоў перакананы, што парушэнні на ўчастку сапраўды былі.

— Найбольшыя разыходжанні ў нас на 7 участку. Гэта 28-я школа, старшыня камісіі — дырэктар гэтай школы Дарашкоў Міхаіл Міхайлавіч. Наш назіральнік увесь дзень сядзеў і налічыў толькі 16, а ў іх атрымалася 102. Старшыня камісіі сказаў, што назіральнік няправільна лічыць. Каля я яму пачаў тлумачыць, што вось чалавек сядзеў і налічыў толькі 16 чалавек, той пакрыўдзіўся і заявіў, што я яго абражаю, бо чалавекам я назваў толькі назіральніка, а яго не назваў чалавекам.

Старшыня выбарчай камісіі Міхаіл Дарашкоў накіраваў скаргу на Арцёма Касаварава ў Гомельскую абласную арганізацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ад якой накіраваны назіральнік. Каб выключыць факты паклёпу, старшыня камісіі прапанаваў перасадзіць назіральніка на крэсла.

Беларускае Радыё Рацыя