Назіральнікаў вызвалілі без складання пратаколаў



Адпусцілі без складання пратаколаў. Гэта аб праваабаронцах, якія прыйшлі назіраць за акцыяй на бульвар Талбухіна ў Менску.  Каля 20-ці чалавек па-ранейшаму застаюцца ў Першамайскім РАУСе. На іх верагодна складаюць пратаколы. Пра вызваленне пяцярых назіральнікаў ад праваабарончых арганізацый „Вясна” і „Беларускі Хельсінкскі камітэт у нашым эфіры паведаміў намеснік старшыні цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

– Без складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адзінае, яны далі тлумачэнні, што збіраліся назіраць за правядзеннем мірнага сходу, паводле накіравання, якое ім было выдадзена. Яны былі візуальна абазначаныя – мелі бэйджы. І такім чынам, не з’яўляюцца ўдзельнікамі мерапрыемства. Яны былі вызваленыя. Паведамілі, што ў РАУСе з імі абыходзіліся больш-менш нармальна. Без прымянення нейкага гвалту і ціску.

3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, у цэнтры Менска затрымалі каля 30 чалавек. Гэта тыя, каго затрымалі ў скверы на бульвары Талбухіна, дзе апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч ініцыяваў правядзенне „Акцыі вызвалення і салідарнасці”, ці на падыходах да сквера. Яшчэ двое — сам Статкевіч і яшчэ адзін апазіцыянер Вячаслаў Сіўчык — былі затрыманыя каля сваіх дамоў і не даехалі да амесца правядзення акцыі, якая не адбылася.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org