Назіральнікі: бачым толькі дзверы школы
Сотні назіральнікаў у Гародні знаходзяцца за межамі ўчаcткаў – гэта школы, цэнтры дашкольнай адукацыі ці інтэрнаты. Хтосьці сам прыдумаў сабе месца дзе назіраць, а іншыя туляцца па лаўках.
Пра тое, што ўдалося зафіксаваць пры такім назіранні, кажа Вітольд Яроцкі, адзін з актыўных назіральнікаў у Кастрычніцкім раёне Гародні:
– Ужо зараз самі выбарнікі фіксуюць парушэнні. Нам ужо паведамілі пра тое, што ў спісах знаходзіліся непаўнагадовыя, памерлыя, замежнікі, людзі, якія прыходзілі і не былі ў спісах. Іх уносілі, але пры іх нават не спрабавалі паведаміць на тыя ўчасткі, дзе яны, магчыма, да гэтага былі зарэгістраваныя.
Па словах дзяўчыны Таццяны, гэта яе першая спроба назірання, якая, на яе думку, даволі дзіўная:
– Можа, цікава, што гэта першыя мае назіранні і я так і не атрымала магчымасці назіраць на самім участку, толькі на вуліцы. І яшчэ сёння нас прагналі з месца, на якім мы сядзелі ўчора. Учора было можна, а сёння ўжо нельга.
На большасці ўчасткаў улады ствараюць святочныя мерапрыемствы, куды зганяюць прадстаўнікоу БРСМ, Белай Русі ды іншых праўладных арганізацый, што ўскладняе працу назірання.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча