Назіральнікі супраць непразрыстасці працэдуры праверкі подпісаў



Непразрысты працэс праверкі подпісаў за будучых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў заўважылі назіральнікі Гародні. Ім не дазваляюць прысутнічаць пры вызначэнні праўдзівасці падпісных аркушаў, якія паступаюць у акруговыя камісіі. Кажа назіральніца па акруговай камісіі №50 Гародні Святлана Рудкоўская:

— На папярэдніх выбарах нам далі такі адказ, што людзі, якія займаюцца праверкай сапраўднасці подпісаў, гэта правераныя і годныя людзі і няма падставаў для недаверу да іх, што яны могуць дапусціць нейкую памылку і ў ніякім назіранні няма неабходнасці.

 Тры назіральнікі: Святлана Рудкоўская, Раман Юргель і Віктар Сазонаў, — накіравалі скаргі ў абласную выбарчую камісію на дзеянні акруговых камісіяў. Адмова прысутнічаць на пасяджэннях камісіяў пры праверцы праўдзівасці подпісаў парушае шэраг артыкулаў Выбарчага кодэкса Беларусі. У прыватнасці артыкулы 13, 66 і 67.

Праваабаронцы назіраюць ў рамках кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя