Назіральнікі з Бярозы: Сябры выбарчых камісій бессаромна парушаюць Выбарчае заканадаўства
Першы дзень датэрміновага галасавання паказаў, што вынікі будуць сфальсіфікаваны як і ўсе 25 гадоў. Незалежных назіральнікаў пастаўлены ў бяспраўныя ўмовы. Яны могуць назіраць усяго тры дні па 2-3 гадзіны за тыдзень галасавання. Сябры выбарчых камісій бессаромна парушаюць Выбарчае заканадаўства, ідуць на падтасоўкі.
Гаворыць незалежны назіральнік на ўчастку №12 у Бярозаўскім раёне Сяржук Русецкі:
– Амаль адразу пасля адкрыцця, роўна а 10-й гадзіне, на выбарчы ўчастак прыйшлі галасаваць вайскоўцы. На ўчастку №9 у горадзе Бярозе па дадзеных назіральніка Анатоля Бяленкі, ён налічыў 14 выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах, а камісія агучыла 27.
Назіральнік участка №6 горада Івацэвічы Станіслаў Халадовіч: З 16-й гадзіны да 19-й – сем чалавек прагаласавалі. Як можна з 10.00 да 14.00 – 253 чалавекі?
Паводле назіральнікаў, вынікі абсалютна прагназуемыя. Скардзіцца будуць, але і тут вынікі таксама прагназуемыя. Парушэнняў знойдзена не будзе.
Беларускае Радыё Рацыя