Назіральніца з Віцебску: На нашым участку пакуль што “недавыбары”



Паводле звестак ЦВК, на 14.00 па Віцебшчыне прагаласавалі 61,12% выбаршчыкаў. Але на ўчастак №49 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі прыйшлі ўсяго каля 30% . За галасаваннем там назірае Наталля Шарыпа, прадстаўніца руху “Маці 328”, якая і сама збіралася балатавацца на гэтых выбарах у Парламент, але не атрымала рэгістрацыі.

За час датэрміновага галасавання на выбарчы ўчастак прыйшлі толькі 11% з агульнага спісу выбаршчыкаў, і сёння – хіба толькі ў два разы болей, кажа назіральніца:

– На нашым участку зарэгістравана 1605 чалавек. Значыць, 800 чалавек – гэта 50%, але ў нас падчас датэрміновага галасавання прыйшлі 180 чалавек, і сёння каля 300.

На пытанне карэспандэнткі Беларускага Радыё Рацыя, ці адчуваецца паніка ў камісіі, што не дабіраюць галасоў да тае мяжы, каб выбары адбыліся, Наталля Шарыпа адказвае:

-Радасці на тварах няма.

Усяго каля 30% прагаласаваўшых назіральніца зафіксавала на 17.30. Яна кажа, што ў першы ж дзень назірання запыталася ў камісіі, ці ведаюць яе чальцы пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыі. І прынамсі да сённяшняга дня Наталля Шарыпа не мела ніякіх прэтэнзій да працы па выбарах. Засталося толькі адсачыць, як будзе паводзіць сябе камісія ў апошнія хвіліны дня выбараў, і якія вынікі будуць агучаны пры падліках.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск