Названы лаўрэаты прэміі „Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці 2019”



Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый (НДА) на ўрачыстай цырымоніі 9 студзеня ў Мінску назвала лаўрэатаў 11-й прэміі „Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” па выніках 2019 года.

Прэмія была заснаваная Асамблеяй НДА ў 2009 годзе. Традыцыйна пераможцаў вызначаюць па выніках сумеснага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў членамі рабочай групы асамблеі, а таксама спецыяльна запрошанымі экспертамі з ліку лідараў няўрадавых арганізацый, леташніх пераможцаў прэміі і журналістаў. Цяпер пераможцаў вызначалі 150 чалавек.

Прыз у намінацыі „Грамадзянскі лідар года” падзялілі адна з лідараў руху „Маршыруй, дзетка” Святлана Гатальская і лідар ініцыятывы супраць запуску завода па вытворчасці беленай цэлюлозы ў Светлагорску Алена Маслюкова.

На перамогу ў гэтай намінацыі таксама прэтэндавалі каардынатар праектаў Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя Сума, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шаўко і педагог, даследчык і публіцыст Ганна Севярынец.

У намінацыі „Новая ініцыятыва” лепшай прызналі створаную крыху больш за год таму адукацыйна-асветніцкую пляцоўку „Тэрыторыя правоў”.

Акрамя пераможцы ў шорт-лісце былі ініцыятывы „Больш цела”, „Маладыя людзі+”, „Новыя рэгіёны”, ініцыятыва па перапрацоўцы пластыка ў мэблю smARTtech, кааліцыя „За годнае даўгалецце” і школа бяспекі для жанчын Women’s Safety.

Прыз у намінацыі „Рэгіянальнае падзея”, які прысуджаецца ініцыятарам найбольш значнай для лакальнай супольнасці грамадзянскай акцыі або кампаніі, дастаўся Аляксандру Аўдзевічу — аўтару сацыяльнага праекта для людзей з інваліднасцю „Інклюзіўны барыста”.

На перамогу ў гэтай намінацыі таксама прэтэндавалі арганізатары валанцёрскага летніка „Кантакт” у Белавежскай пушчы, „Пляцоўкі сацыяльных актыўнасцяў” на фестывалі Viva Braslav, гарадскога фестывалю „Прышчэпка” ў Маладзечне, кампаніі супраць запуску завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску і кампаніі па зборы сродкаў на ўстаноўку помніка Гедыміну ў Лідзе.

Прыз у намінацыі „Крэатыў года” за найбольш яркую грамадзянскую акцыю ці кампанію дастаўся стваральнікам дадатку reBrest — мабільнага гіда па архітэктурнай спадчыне Брэста з дапоўненай рэальнасцю.

У шорт-ліст намінацыі таксама патрапілі „Арт-інтэрвенцыя” супраць хатняга гвалту на сталічнай плошчы Якуба Коласа, якую ў снежні правяла ініцыятыва „Маршыруй, дзетка”; праект „Волю кажанам!” па выпуску кажаноў з мінскага рэабілітацыйнага цэнтра для рукакрылых „Кажанаполіс”, анлайн-праект „Казка пра Дэкларацыю правоў чалавека” ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”, першая беларуская „Манстрацыя”, праведзеная ў Мінску валанцёрскай службай „Вясны”, першы праваабарончы серыял пра міліцыю „Сцяпаныч”.

У намінацыі „Талака года”, у якой перамогу прысуджаюць за найбольшыя поспехі ў зборы сродкаў, у правядзенні валанцёрскіх кампаній або сумесных акцый, лепшай прызналі краўдфандынгавую пляцоўку MolaMola.

У шорт-ліст гэтай намінацыі ўвайшлі кампанія па правядзенні акцый „Дзень волі — 2019” і БНР101 у Гродне, кампанія па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў 2019 годзе „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, талака на Вайсковых могілках у Мінску, кампанія „Пазнач беларускую мову роднай” падчас нядаўняга перапісу насельніцтва, фестываль „Кіламетр грамадзянскай актыўнасці” і конкурс Idea Generation Camp.

У намінацыі „Медыяактыўнасць года” перамога дасталася Андрэю Павуку і сааўтарам яго канала ў YouTube „Рудабельская паказуха”.

Прэтэндэнтамі на перамогу ў гэтай намінацыі былі тэлеграм-канал „Варушыся” аб бясплатных магчымасцях навучання, праект „Медыярашэбнік: Як пісаць пра розных людзей”, інстаграм-шоу „МоваЧэлендж”, „Студэнцкая думка” — газета моладзевай грамадзянскай кампаніі Задзіночання беларускіх студэнтаў, а таксама магілёўскі праваабарончы сайт mspring.online.

Антыпрэмія „Гарбуз года”, якая прысуджаецца за найбольш негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх актывістаў, дасталася дэпутату Ігару Марзалюку — „за апраўданне зносу памятных крыжоў у Курапатах”. Перадаць парламентарыю антыпрэмію даручылі актывісту грамадзянскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” журналісту Марату Гаравому.

Таксама ў гэтай намінацыі маглі адзначыцца ініцыятары распачынання крымінальнай справы за рэпост кліпа Rammstein, увядзення неабгрунтавана высокіх расцэнак на аплату паслуг міліцыі пры правядзенні мірных вулічных мерапрыемстваў, позвы ў суд за петыцыю, адмовы ў выдачы дазволу на правядзенне маршу супраць хатняга гвалту.

Перамогу ў намінацыі „Партнёрства года” за салідарныя дзеянні і рэалізацыю лепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнёраў з розных сфер на карысць грамадзянскай супольнасці, прысудзілі праекту па ўстаноўцы бюста пісьменніка Алеся Адамовіча ў Глушы. Прыз атрымалі аўтар ідэі Андрэй Анціпенка, дачка літаратара Наталля Адамовіч, якія пры непасрэдным удзеле і актыўным садзейнічанні былога старшыні мясцовага сельскага выканкама ўстанавілі памятны знак на радзіме Адамовіча.

У гэтай намінацыі прыз таксама маглі атрымаць праекты „Вандроўная кнігарня”, „Вагон крэатона”, школа Draw&Save, форум ALL Inclusive, першы фестываль IBB JubiläumsFest, а таксама праект па будаўніцтве дзіцячай пляцоўкі ў Браславе.

Прыз у намінацыі „Журналіст года” за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадзянскай дзейнасці прысуджаны журналістцы газеты „Новы Час” Дзіяне Серадзюк.

Перамога ў гэтай намінацыі таксама магла дастацца Раману Васюковічу, Святлане Калінкінай, Марыі Пархімчык, Сержу Харытонаву або рубрыцы „Натхняльнікі” інтэрнэт-часопіса CityDog.

У намінацыі „Кампанія года” пераможцам стаў грамадскі аргкамітэт кампаніі па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863—1864 гадоў у Вільнюсе.

У шорт-ліст гэтай намінацыі патрапілі кампаніі „Маршыруй, дзетка” за прыняцце заканадаўства супраць хатняга гвалту, „Маці 328” за лібералізацыю антынаркатычнага заканадаўства, „Моладзь.бел” ініцыятывы „Моладзевы блок”, „Свежы вецер” за незалежнасць Беларусі, „Умовы для мовы „па папулярызацыі беларускай мовы ў дзяржаўных установах, а таксама кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.

belapan.by

Фота wikipedia.org