Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло



Акадэмік і грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі падводзіць вынікі ўчарашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з беларускімі пісьменнікамі.

Радзім Гарэцкі: Магчыма, памыляюся, але я заўважыў, што кнігі Лукашэнку падаравалі ад “нячэснага” Саюза беларускіх пісьменнікаў, а не ад праўладнага. Відаць, лепшыя творы робяцца ўсё ж у “нячэсным” саюзе. І выдае ён кнігаў больш, хоць магчымасцей менш. Там нашы самыя выдатныя літаратары! Ім ёсць што паказаць. Хоць тут наогул трэба казаць пра гаротны стан беларускай літаратуры – яе мала купляюць. Таму сустрэчу на такім узроўні ацэньваю станоўча. Дай Бог, каб былі нейкія зрухі.

Дарэчы, не так даўно быў на адной навуковай канферэнцыі ў Акадэміі навук, дык вось віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік выступаў на беларускай мове. Гэта парадавала.

РР: Адным словам, могуць, калі захочуць.

Радзім Гарэцкі: Так, нешта скранулася з месца. Мы ж бачым, што загаварылі пра тое, каб дадаць беларускамоўных гадзінаў на ўроках, пра Быкава Лукашэнка раптам успомніў, зараз вось з “няправільнымі” літаратарамі сустрэўся. Праўда, пабачым, чым усё гэта скончыцца.

РР: Раней знішчалі ўсё беларускае, а зараз раптам з’явілася любоў. Чаму, на ваш погляд, так адбываецца?

Радзім Гарэцкі: Думаю, паўплывалі падзеі ва Украіне. Пуцін жа сказаў: “Там, дзе руская мова, – там Расея”. Натуральна, што беларускі начальнік трошкі перапужаўся. Ён, відаць, убачыў, што рускамоўную Беларусь у любы момант можна будзе прыбраць у кішэню. Вось і вырашыў крыху даць кіслароду беларускамоўнаму асяроддзю. Можа быць, упершыню за 20 гадоў зразумеў, што трэба не забываць мову, і выказаўся, што без мовы няма нацыі. І ў разуменні гэтага нам дапамаглі Пуцін і Украіна. Як кажуць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара