«Не б’юць, але рублём караюць»



«Не б’юць, але рублём караюць». Так коратка ў нашым эфіры беларускі праваабаронца акрэсліў сітуацыю з пераследам грамадзянскай супольнасці і палітычных актывістаў.

Аляксандр Лукашэнка вярнуўся з Італіі і Ватыкану, дзе быў з першым візітам у Еўропе пасля зняцця санкцый. Санкцыі, нагадаем, прыпыненыя, бо еўрапейскія палітыкі вырашылі, што рэпрэсіі ў Беларусі аслаблі. «Гэта гледзячы з якім перыядам параўноўваць» – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч, рэпрэсіі сапраўды мякчэйшыя, але праваахоўныя органы не расслабляюцца.

— Колькасныя паказчыкі яны, канешне, меншыя, калі браць нейкія іншыя перыяды, калі усіх саджалі на суткі. То бок улада пазбягае больш жорсткіх формаў, але тым не менш, я магу сказаць, што сітуацыя ў краіне жорстка кантралюецца спецслужбамі і ў прынцыпе я думаю, што яны працуюць у звычайным рэжыме і калі будзе трэба, дык рэакцыя будзе адпаведная.

Надоечы пяць удзельнікаў мітынгу ў падтрымку прадпрымальнікаў, які адбыўся ў горадзе Жодзіна 20 траўня, пакараныя вялікімі штрафамі, а заўтра судоў чакаюць удзельнікі ўстаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэса, які ў Менску праходзіў у парку Янкі Купалы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя