Не глядзі, Чаргінец, у чужы гаманец
На парадным мундзіры гэтага адстаўнога генерала, у якім ён любіць пакрасавацца перад фотакамерамі, я налічыў адзінаццаць ордэнаў і каля паўсотні медалёў. Можна падумаць, што яго ўладальнік наздзяйсняў подзвігаў на некалькіх войнах, штурмаваў рэйхстаг, падарваў лімонкай лінію Манергейма і ўзяў у палон японскага мікада, чым і скончыў Другую сусветную.
Але нічога падобнага ў паслужным спісе генерала і блізка няма. Дывізій ён у атаку не вадзіў, а ўзнагароды атрымліваў за міліцэйскую службу. Быў, праўда, зігзаг у генеральскай біяграфіі – удзельнічаў у савецкай інтэрвенцыі ў Афганістан, але, зноў жа, не баявым афіцэрам, а дарадцам пры штабе, дзе, як вядома, і вырашаецца, каго ўзнагароджваць.
Здавалася б, якая мне справа да абвешанага дзяржаўна-савецкай біжутэрыяй па самы пуп адстаўнога служакі? Начапляў, то хай і носіць той мундзір, як бронекамізэльку. На мінскіх вуліцах апошнім часам пастрэльваюць, то ў такім пінжачку ўсё ж бяспечней. Не змаўчаць прымушае мяне адна акалічнасць. Вось ужо чатырнаццаць гадоў той генерал-адстаўнік сядзіць у дарагім майму сэрцу Доме літаратара, у кабінеце, які ў свой час займалі народныя паэты Максім Танк і Ніл Гілевіч. А на дзвярах, дзе віселі шыльдачкі з іхнімі прозвішчамі, цяпер вісіць шыльдачка “Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі”. І пад яго камандай каля 500 (цэлы батальён!) штыкоў, калі прыгадаць вядомае выслоўе класіка пра прыраўнянае да штыка пяро.
Паўтысячы вострых пісьменніцкіх пёраў – гэта ого якая сіла! Толькі чамусьці сілы тае не відаць і не чуваць.
Гэта пры жалю годным кіраванні Чаргінца (Саюз пісьменнікаў усё ж не пастарунак) наклад калісьці папулярнага “ЛіМа” зменшыўся разоў у дзесяць. Сёння прыкрый яго – ніхто і не заўважыць.
Гэта з ведама Чаргінца імёны шэрагу найвядомейшых пісьменнікаў унесены ў так званыя “чорныя спісы” дзяржвыдавецтваў, і выдаўцы паслухмяна карэкціруюць выдавецкія планы ў адпаведнасці з безапеляцыйным, як міліцэйскі пратакол, вызначэннем “чэсны” ці “нячэсны” той ці іншы творца.
Гэта пры маўклівай згодзе Чаргінца ў краіне закрыты сотні бібліятэк і беларускіх школ, ідзе напорыстая русіфікацыя ўсіх сфер жыцця. Заўсёды Саюз пісьменнікаў Беларусі выступаў на абарону ўсяго нацыянальнага. Толькі пры рускамоўным (прынцыпова!) старшыні маўчыць, як нямко.
Здаецца, не пікнуў ён і пра той гвалт, пра тое агрэсіўнае беззаконне, пра той дзяржаўны тэрор, ад якіх ужо больш за два месяцы калоціцца ўся Беларусь. Падалі свой голас заводы, тэатры, акадэмічныя інстытуты, універсітэты, бальніцы, творчыя арганізацыі, спартсмены і пенсіянеры. А СПБ – як вады ў рот набраў. Ці хоць жывы яго нязменны васьмідзесяцітрохгадовы камандзір?
Жывы. Нядаўна ён на сваім персанальным сайце даў гнеўную водпаведзь Алене Малочка, якая на старонках “Народнай Волі” асмелілася пацікавіцца, на што трацяцца Чаргінцом і яго камандай атрыманыя з дзяржбюджэту грошы. І немалыя – каля 175.000 долараў толькі ў гэтым годзе. Здавалася б, нармальнае пытанне падаткаплацельшчыкаў. Але яно чамусьці вывела з сябе Чаргінца, і ён наплёў сем кашоў з палукашкам.
І пра тое, што ў яго падпарадкаванні ўсяго 12 штатных адзінак. І пра тое, што істотную частку грошай у яго забірае назад дзяржава – у якасці арэнднай платы за займаныя плошчы ў Доме літаратара. І пра 20.000 літсустрэч сваіх падапечных з чытачамі (у што, прама скажам, верыцца слаба). І пра свайго канкурэнта – Саюз беларускіх пісьменнікаў, які раскашуе на замежныя гранты і з гэтай прычыны з’яўляецца “не совсем белорусской организацией” (хоць СБП зарэгістраваны ў тым самым Мінюсце, што і чаргінцоўскі саюз). І пра “попахивающую нацистской гнильцой” літаратурную прэмію Гедройца, якую саюз-канкурэнт штогод размяркоўвае сярод сваіх…
Адным словам, расхадзіўся, як халодны самавар. З логікай самавара асабліва не паспрачаешся, заўважу толькі, што заглядаць у чужы гаманец не вельмі прыстойна. І што не ад добрага жыцця “нячэсныя” пісьменнікі шукаюць сёння мецэнатаў для сваіх прэмій, у тым ліку за мяжой. Зрэшты, што тут благога? І Нобелеўская прэмія – цалкам мецэнацкая, нечым для чуйнага чаргінцоўскага носа таксама, відаць, “попахивающая” (пэўна што дынамітам, бо Альфрэд Нобель, як вядома, не памідоры ў цяпліцы гадаваў). Як ні круці, замежныя прэміі – гэта прыцягнутыя з-за бугра інвестыцыі, а бясконца даіць бюджэт роднай дзяржавы – на гэта шмат розуму не трэба.
Выказаўся ў сваёй водпаведзі Чаргінец і пра мізэрныя (“бамжоўскія”) пісьменніцкія пенсіі. Так, мімаходзь, асабліва не ўдаючыся ў праблему. Сам то ён атрымлівае генеральскую (плюс заробак старшыні).
Зарабіў – хай спажывае на здароўе. Гэта Нілу Гілевічу даводзілася кнігі за ўласную пенсію выдаваць, эканомячы на леках. Чаргінцу, трэба думаць, гэта не пагражае. У любой кнігарні ад яго тамоў аж паліцы трашчаць. Днямі, узяўшы ў рукі адзін з тамоў, выдадзены ў 2008 годзе, я са здзіўленнем прачытаў на першай старонцы – “рецензент Василь Быков”. Але ж ён памёр у 2003-м! Хіба і на тым свеце Быкаву даводзіцца Чаргінца рэцэнзаваць…
Здзівіцца і той, хто паспрабуе спраўдзіць іншыя дасягненні Чаргінца. Скажам, ён неаднойчы прызнаваўся, што з’яўляецца лаўрэатам міжнароднай прэміі імя С.Міхалкова і героем Кнігі рэкордаў Гінеса – “за разноплановые достижения в области науки и культуры”. Але на афіцыйных сайтах названых інстытуцый “лаўрэат і рэкардсмен” Мікалай Чаргінец не значыцца…
А найбольш здзівіўся б той жа Максім Танк, калі б даведаўся, што ягоны кабінет заняў літаратар, якога пры ім з трэскам пракацілі падчас прыёму ў Саюз пісьменнікаў. Ніл Сымонавіч Гілевіч у сваім дзённіку засведчыў: пры абмеркаванні кандыдатаў падняўся Іван Пташнікаў (ва ўсе часы творца аўтарытэтны) і заявіў: “Вельмі паважаю міліцыю і вельмі люблю чытаць дэтэктывы, але вось гэта ніякага дачынення да літаратуры не мае”. І кінуў на стол кніжку аўтара-няздары.
Таго самага, які сёння кіруе шчодра фінансаваным з бюджэту Саюзам пісьменнікаў, ва ўсім падтаквае ўладзе і час ад часу дастае з шафы сваю прапахлую нафталінам бронекамізэльку з танненькіх, пераважна юбілейных, медалёў…