Не хапае толькі каранціну



Кітай паступова вяртаецца да старога жыцця пасля каронавірусу, і яшчэ раз сваім прыкладам нагадвае пра важнасць каранціну, нават у шкоду эканамічнаму росту краіны.

Актуальны стан мераў і падзеяў на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

 – За апошнія содні вядома, прынамсі, пра дзве смерці захварэўшых. Адным з апошніх месцаў выяўлення заражаных каронавірусам стаўся цэнтральны офіс «БПС-Сбербанка» ў самым цэнтры сталіцы.

У цэнтры Менска ў раёне станцыі метро «Няміга» на дрэвах з’явіліся вялікія медычныя маскі. Гэты мастак, які не хоча назваць сваё імя, папрасіў усіх паклапаціцца пра сябе і блізкіх. Менчукі працягваюць самаізалявацца: у апошнія тыдні кампанія «Белтэлекам» адзначае павышаны попыт на паслугі доступу ў інтэрнэт, тэлебачання і іншыя сэрвісы. Нагрузка на знешні шлюз вырасла ў межах 10%.

Некалькі сталічных саюзаў і асацыяцый бізнэсу правялі анлайн-канферэнцыю, на якой звярнуліся да кіраўніцтва краіны і заявілі, што ў бягучых умовах вымушаныя будуць прыпыніць сваю працу каля 50% суб’ектаў гаспадарання,  з іх 30% – назаўсёды.

У Менску урад заявіў аб выхадзе на выраб да 1 мільёна ахоўных масак у дзень на патрэбы краіны. Уведзена рэгуляванне цэнаў на мыла, запалкі, маскі і антысэптыкі.

Транспартная інспекцыя сталіцы праводзіць праверку таксі і транзітных перавозчыкаў на прадмет наяўнасці санітарных сродкаў. 

 Беларускае Радыё Рацыя