Не хочуць праводзіць сход, каб не справаздачыцца перад вяскоўцамі?



Жыхарам аграгарадка Спорава Бярозаўскага раёна надакучыла жыць з дрэннымі дарогамі, неўпарадкаванай тэрыторыяй, старшынём сельвыканкама і адначасова іх дэпутатам Аляксандрам Мартысевічам, які нічога не робіць, толькі атрымлівае добры заробак з бюджэту.

Каб дамагчыся сходу для вырашэння надзённых пытанняў, 34 вяскоўцы звярнуліся ў лютым з пісьмовым патрабаваннем правесці сход. Адказ атрымалі ў траўні. Сходу не будзе – пандэмія. Накіравалі ў чэрвені скаргу ў раён. Адказу няма да гэтага часу.

Але людзям было неафіцыйна заяўлена, што сход адбудзецца 10 жніўня, – кажа стараста вёскі Васіль Лютыч:

– Спецыяльна пасля выбараў 10 жніўня будзе сход. Такі ў нас старшыня сельскага савета. Што ён тут нарабіў у Спораве, а ён фактычна нічога не зрабіў, і не думае рабіць. Мы прасілі сход, каб даў справаздачу перад выбарнікамі. Штогод адны адпіскі.

Паводле экс-кандыдата ў Палату Прадстаўнікоў па гэтай тэрыторыі Валянціна Лазарэнкава, мясцовая і раённая ўлады не хочуць праводзіць сход, каб не справаздачыцца перад вяскоўцамі. Бо гаварыць ім няма чаго. А чаму 10 жніўня сход? Калі астанецца Лукашэнка, зноў нічога можна не рабіць і заставацца беспакаранымі:

– І ўлады замінаюць справаздачныя рэчы, ды і ў цэлым, не хочуць слухаць, што жадаюць грамадзяне.

Паводле старасты Спорава, вяскоўцам нічога не застаецца, як дабівацца сходу раней 10-га праз Лукашэнку, які цяпер не толькі ў статусе прэзідэнта, але і кандыдата ў прэзідэнты на шосты тэрмін.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com