Не менш як 10 чалавек затрыманыя ў мінулую нядзелю ў Менску
Не менш за 10 чалавек затрыманыя ў Менску 21 сакавіка, паведамляе spring96.org.
Так, 29-гадовага Юрыя Куўшынава затрымалі за налепку з гербам „Пагоня” на заплечніку. Супрацоўнікі Ленінскага РУУС палічылі, што ён такім чынам праводзіў пікетаванне.
Некалькі чалавек затрыманыя ўвечары ў сталічнай Чыжоўцы, у тым ліку Людміла Леўкіна 1964 года нараджэння, Алена Кароль (1965), Жанна Макарэвіч, Аляксандра Меджыдава (1984). Іх даставілі ў Заводскае РУУС. Сёння пройдуць суды над імі.
Таксама 21 сакавіка была затрыманая жонка журналіста Іллі Дабратвора, маці пяцярых дзяцей Іна Дабратвор. Увечары дома ў сям’і прайшоў вобшук, жанчыну адпусцілі. За дзень да гэтага да Дабратвора, якога восенню затрымлівалі за асвятленне акцый у Менску, прыязджалі сілавікі. Шукалі журналіста нібыта па адміністрацыйнай справе, але яго дома не аказалася.
Днём у нядзелю на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёла быў затрыманы Аляксандр Прушынскі, вядомы як „граф Прушынскі”. Ён раздаваў улёткі з нагоды Дня Волі. Яго адвезлі ў Першамайскай РУУС, дзе пратрымалі шэсць гадзін. У дачыненні да Прушынскага складзены адміністрацыйны пратакол.
У мікрараёне Новая Баравая затрыманыя мінімум два чалавекі. Так, УУС Менскага аблвыканкама паведаміла, што 21 сакавіка ў Менску затрыманы 38-гадовы мясцовы жыхар, які забраўся на мачту з дзяржаўным сцягам на даху аднаго з дамоў у Новай Баравой. Мужчына займаецца будаўнічымі працамі на вышыні. Падчас учарашніх прац на даху будаўнік забраўся на флагшток, яго таварышы знялі гэта на тэлефон. У дачыненні да яго склалі пратакол за дробнае хуліганства паводле арт. 19.1 КоАП.
Таксама 21 сакавіка ў Менску затрыманы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, яго даставілі ў ізалятар у 1-м завулку Акрэсціна. Ён выступіў адным з заяўнікаў святкавання Дня Волі ў Менску 25 сакавіка.