Не падабаецца – звальняйся!
Дырэктар прыватнага транспартнага прадпрыемства “Транс-Лайн-Брэст” Аляксандр Цыганчук нічым не адрозніваецца ад сваіх калег на дзяржаўных прадпрыемствах. Жорстка эканомячы на заробках сваіх кіроўцаў-міжнароднікаў, пашырае сваё прадпрыемства і наладжвае свой быт.
Нязгодных з мізэрнымі заробкамі выганяе за вароты. Як правіла, гэта лепшыя і вопытнейшыя спецыялісты як Вячаслаў Сачук, які з 93-га года працуе кіроўцам–міжнароднікам, а наогул стаж кіроўцы 39 год.
– Я заўсёды дабіваўся, каб над намі не смяяліся і хоць крыху плацілі за нашую працу. Зрабілі 10 адсоткаў ад фрахту, а фрахт – паняцце расцяжнае, можна зрабіць і 3 тысячы, а можна і 1,5. І беларускі заробак – 2 млн 300. Вось так яны і плацяць нам.
Свае адносіны да работнікаў Аляксандр Цыганчук паясняе крызіснай сітуацыяй:
– Я тлумачу чалавеку, што ў дадзены момант магу плаціць чалавеку столькі і столькі. Калі яго гэта не задавальняе, каб не было ніякіх канфліктаў, з ім проста не працягваем кантракт.
Працадаўца не звярнуў увагі, што Сачуку 2 гады да пенсіі і не так лёгка памяняць работу ў гэтым узросце. Што ў яго захварэла на анкалогію жонка і патрэбныя сродкі на лячэнне.
Абурае работнікаў шэрая бухгалтэрыя на прадпрыемстве. А крызіс, на які плачацца гаспадар, не стаў перашкодай у набыцці за апошнія 2 гады сямі новых фур, двух асабістых шыкоўных новенькіх аўто і магчымасці пакласці 200 000 еўра ў банк у якасці залогу за адкрыты дакумент мытнага перавозчыка, кажуць кіроўцы.
Беларускае Радыё Рацыя
На здымку: звольненыя з прадпрыемства Вячаслаў Сачук і Эдуард Дзягілеў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.