Не перавяліся яшчэ добрыя людзі!
Пляж для ўсіх жадаючых пакупацца ў рэчцы Дзісна ў Шаркоўшчыне зрабіў уласнымі намаганнямі Аляксандр Асіпенка. І гэты пляж не горшы за той, які зрабілі мясцовыя ўлады. Там нават ёсць эксклюзіўныя рэчы, зробленыя і пасаджаныя яго рукамі: люстэркі, клумбы, пладова-ягадныя кусты.
Па словах спадара Аляксандра, у кожнага ёсць свая малая радзіма: у кагосьці – хата, рэчка, возера, а ў яго – прыстань.
– Ідэя пайшла з таго, што калі жанчына несла тазік з вядром, то паслізнулася тут, падымаючыся ўверх. Вось і ўзнікла думка, каб зрабіць прыступкі. Пасля лавачкі паставіў. Пазней зрабіў дзеткам арэлі. Насадзіў кустоў, смародзіну ўжо з’елі. Кветачкі вось пасадзіў. Прыязджаюць здалёк – няма дзе пакінуць ровары. Дык я камянёў прыцягнуў. Цяпер даўгавечна і надзейна будзе.
За парадкам на пляжы сочыць сам Аляксандр Асіпенка, у гэтым яму дапамагае відэакамера, якую ён усталяваў, валанцёры і мясцовая міліцыя. Па яго словах, ён будзе працягваць упарадкаваць пляж, таксама збіраецца праводзіць з людзьмі лікбезы на тэму паводзінаў у грамадскіх месцах, пра выратаванне людзей на вадзе і пра шкоду алкаголю.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі