Не працягнулі кантракт пасля 25 гадоў беззаганнай працы (абноўлена)



Былая старшая медсястра педыятрычнага аддзялення Баранавіцкай раённай дзіцячай паліклінікі Наталля Каролік прайграла судовую справу па ўзнаўленні на працы.

Суд прызнаў правільнасць непрацягнення кантракту адміністрацыяй бальніцы. Хоць было яўна відаць, што непрацягненне катракту – гэта вынік межасабовых адносін паміж загадчыцай аддзялення і медсястрой, кажа прадстаўнік Каролік у судзе Аляксандр Вайцешык:

– Планамерна загадчыца падводзіла да таго, каб былі заўвагі і дысцыплінарныя спагнанні ў Каролік Наталлі і, адпаведна, планамерна падводзілася пад звальненне, то бок, непрацягненне кантракту. Нягледзячы на тое, што ў калектыўнай дамове закладзена, што для бацькоў, у якіх ёсць дзіця-інвалід, як у нашым выпадку, прадугледжана працягненне кантракту. Аднак, калі ёсць дысцыплінарнае спагнанне, гэта норма не распаўсюджваецца на такіх людзей.

Паводле Аляксандра Вайцешыка, Наталлі Карэлік патрэбна было адразу аспрэчваць несправядлівыя спагнанні, якія ёй аб’яўлялі на працягу трох месяцаў. Хоць яна звярталася ў свой прафсаюз, але там дапамогі не знайшла. Па яе паказаннях у судзе адчувалася, што яна добра ведае сваю справу.

Тым не менш кіраўніцтва бальніцы паказала сваю незацікаўленасць у прафесіяналах і адсутнасць спагады. Іх не спыніла цяжкае становішча медсястры: дачка-інвалід і двойчы паранены падчас вайны ў  Афганістане муж.

* * * 

У Баранавіцкім судзе працягваецца судовы працэс па грамадзянскай справе былой старшай медсястры Баранавіцкай раённай дзіцячай паліклінікі Наталлі Каролік.

Яна прапрацавала 25 гадоў ў гэтай паліклініцы, з іх 22 гады – у якасці старшай медсястры педыятрычнага аддзялення. З Наталляй ў ліпені не працягнулі кантракт. Прычына нібы ў непрафесіяналізме Каролік, як сказала на судзе галоўны ўрач бальніцы Эльміра Багдановіч.

Галоўны ўрач прывяла ў суд некалькі сваіх падначаленых для пацверджання адмоўнай характарыстыкі Наталлі Каролік, кажа грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус (старэйшы), да якога Каролік звярнулася па дапамогу:

– Вырашалася пытанне міравога пагаднення, каб вярнуць Каролік на сваё працоўнае месца. Галоўны ўрач Багдановіч Эльміра сказала, што не можа яе ўзяць, бо яна дрэнны спецыяліст. Тады Каролік спыталася, чаму ж яе адзначылі граматай як лепшга работніка?

Паводле Чарнавуса, галоўны ўрач адхрысцілася на судзе ад граматы для Наталлі Каролік, маўляў, грамата – гэта справа прафсаюза. Хоць вядома, што дзяржаўны прафсаюз – правая рука кіраўніка, і не ступіць кроку без яго дазволу. Як закончыцца працэс Наталлі Каролік, стане вядома пазней.

Беларускае Радыё Рацыя