Не – рэпрэсіям супраць берасцейцаў!



ЗАЯВА

Руху Салідарнасці “Разам”

НЕ – РЭПРЭСІЯМ СУПРАЦЬ БЕРАСЦЕЙЦАЎ!

Рух Салідарнасці “Разам” падтрымлівае патрабаванні жыхароў Берасцейскай вобласці аб недапушчальнасці будаўніцтва экалагічна шкоднага завода акумулятарных батарэй (АКБ).

Аб’яднаныя небяспекай, якую нясе шкодная вытворчасць усім жыхарам Бярэсця і наваколля, грамадзяне супрацьстаяць рэпрэсіўнаму апарату ўлады, адстойваючы права на жыццё і здароўе сваіх дзяцей. Але ўлады, якія прынялі рашэнне аб будаўніцтве завода АКБ, не забяспечыўшы ні законнасць, ні празрыстасць прыняцця гэтага рашэння, ні адпаведны кантроль за небяспечнай вытворчасцю, пайшлі звыклым шляхам уціску і рэпрэсій супраць абураных грамадзянаў. Грамадства, заканамерна занепакоенае пагаршэннем экалагічнай сітуацыі у рэгіёне, існуючымі на дадзены момант тэхналагічнымі парушэннямі, несанкцыянаваным складзіраваннем адкідаў вытворчасці ў Зялёным Боры і Івацэвічах, б’е трывогу. Супраць будаўніцтва завода АКБ было сабрана і перададзена ў Адміністрацыю Прэзыдэнта амаль 37 тысяч подпісаў, 87 зваротаў грамадзяне перадалі ў мясцовыя і цэнтральныя ворганы ўлады. Але адказам на грамадзянскую актыўнасць з’явіліся фармальныя адпіскі і рэпрэсіі. Блогеры, якія асвятлялі падзеі вакол будаўніцтва завода АКБ, Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў, неадразова траплялі пад рэпрэсіі, – затрыманні, суды, штрафы, вобшукі, пракурорскае папярэджанне, канфіскацыю апаратуры. Зараз ім пагражае новы суд. За збор подпісаў аштрафаваны актывіст Зміцер Андрасюк, яшчэ пяць чалавек атрымалі пісьмовае папярэджанне. 4 мая за выступ на санкцыянаваным мітынгу „Жанчыны – супраць свінца” была звольнена з працы ўрач-неўролаг Таццяна Фесікава. Улады фактычна адмовіліся ад дыялогу з людзьмі, манапалізавалі прыняцце ўсіх рашэнняў па будаўніцтву завода АКБ, і працягваюць рэпрэсіі супраць незадаволеных грамадзянаў.

Рух Салідарнасці „Разам”:

– падтрымлівае мужных і паслядоўных у сваіх законных патрабаваннях удзельнікаў пратэстаў;

– патрабуе ад уладаў спыніць рэпрэсіі і пераслед у дачыненні да блогераў і мірных пратэстоўцаў;

– заклікае беларускае грамадства да салідарнасці з берасцейцамі, якія пераследуюцца за мірны пратэст супраць экалагічна шкоднага прадпрыемства на іх зямлі;

– звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на рэпрэсіўныя дзеянні сённяшніх уладаў і просіць не дапусціць расправы з людзьмі, якія рэалізуюць сваё правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Не – экалагічна шкодным вытворчасцям у Беларусі!

Не – рэпрэсіям!

Жыве Беларусь!

Сустаршыні Руха Салідарнасці “Разам”

Юрый Ляшэнка

Алесь Макаеў

Алена Талстая

15.05.2018 г.

г. Менск.