Не спраўляецеся – ідзіце ў адстаўку, вы ўжо стаміліся, і народ стаміўся ад вас
Прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікола Чарнавус з Баранавічаў прапанаваў Аляксандру Лукашэнку і Савету міністраў сысці ў адстаўку. Паводле яго слоў, бо ў дзяржаве немагчыма проста і без нерваў вырашыць прасцейшае сацыяльнае пытанне на карысць простых людзей.
Больш за 20 чалавек вымушаныя былі звярнуцца да вышэйшай улады з канкрэтнай прапановай, да якой не прыслухалася Баранавіцкая газавая служба.
Людзі прасілі для падаўжэння эксплуатацыі газавага абсталявання даць магчымасць газавікам мяняць на ім дэталі і дазволіць аплочваць за новае цягам пяці гадоў, кажа Мікола Чарнавус:
– Пераадрасавалі заяву зноў жа ў гаргаз. Не, каб пераадрасавалі ў Гомель, Берасце на завод газавага абсталявання. Ён жа не выраша, проста хочуць „адмесці” гэтую нашую заяву. І вось я напісаў прэзідэнту і Савету міністраў: не спраўляецеся – ідзіце ў адстаўку, вы ўжо стаміліся, і народ стаміўся ад вас.
Паводле Мікалая Чарнавуса, надакучыла ўжо змагацца за кожную дробязь, спісваючы горы паперы і адсылаючы лісты знізу да верху. Актывіст упэўнены, што такая ўлада, якая не стварыла хаця б мінімальны камфорт для людзей за чвэрць веку, не патрэбна нікому.