Не стала Алеся Зайкі
26 чэрвеня не стала найвялікшага беларускага рупліўца, педагога, краязнаўцы, збіральніка самабытнай беларускай народнай лексікі Алеся Зайкі, які жыў у роднай вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна.
Кола яго навуковых зацікаўленняў улучала дыялекталогію, фразеалогію, парэміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў. Пры жыцці ён выдаў “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” (2011), “Населеныя пункты Івацэвіччыны” (2012.), “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (2013), “Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны” (2015), а таксама кнігу кароткай прозы “Чысты чацвер” (2015). А за сваю першую кнігу прозы “Дым з коміна” (2011 ) Алесь Зайка атрымаў Берасцейскую мядовую літаратурную прэмію.
Усё жыццё Алесь Фаміч збіраў фальклор, запісваў крылатыя словы, дыялекты, выслоўі, фатаграфаваў старыя будынкі, студні, клямкі, вокны, а свой “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” ён збіраў і запісваў 35 гадоў. Алесь Зайка вельмі любіў сваю Бацькаўшчыну, перажываў за лёс роднай мовы, ён дасканала валодаў роднай мовай і ведаў яе “на зубок”.
Зусім нядаўна Алесь Зайка быў у Мерачоўшчыне і радаваўся адкрыццю помніка Тадэвушу Касцюшку, казаў, што гэта вялікае свята для беларусаў, а яшчэ ён паведаміў сябрам, што да друку падрыхтаваў некалькі новых сваіх даследчых кніг.
Сёлета 12 жніўня Алесю Фамічу Зайку споўнілася б 70.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя