Не стала былой “узлётаўкі”
Са спазненнем прыйшла сумная вестка з Крупкаў. Не стала яшчэ адной шчырай беларускі і паэткі Таццяны Каваленкі.
На пачатку 1980-х гадоў Таццяна вучылася на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, была самым актыўным сябрам універсітэцкага літаратурнага аб’яднання “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка.
Алег Лойка з сябрамі літаб’яднання „Узлёт” БДУ, 1982 г. Таццяна Каваленка ў першым радзе ў цэнтры.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Таццяна вярнулася домоў у горад Крупкі. Працавала настаўніцай роднай мовы, потым бібліятэкарам, а з 1999 года была супрацоўніцай Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Са школы Таццяна пісала вершы, якія друкаваліся амаль ва ўсіх рэспубліканскіх газетах і часопісах, а таксама ва ўніверсітэцкіх зборніках “Вусны” і “Квадра”. Неаднаразова брала ўдзел у паэтычных праграмах беларускага радыё і тэлебачання. У 2002 годзе ў Крупках выйшаў яе адзіны зборнік паэзіі “Просінь”.
Радзіма ва ўяўленні Таццяны Каваленкі – гэта былі не толькі цудоўныя родныя краявіды, але і Максім Багдановіч, і Янка Купала, маці і бацька, сябры і суседзі, родная мова і беларускі народ. А яшчэ Таццяна любіла вясну:
А калі паспрабую? А раптам?
Усё роўна цяпер не засну…
Дайце, дайце ж ярчэйшых фарбаў,
Я для вас намалюю вясну!..
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя