Не стала даследчыцы архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага
Ва ўзросце 82 гадоў памерла ў Польшчы Марыя Каламайская-Саід – гісторык мастацтва і акадэмічны лектар.
У 1964 годзе Марыя Каламайская-Саід скончыла гісторыю мастацтваў у Варшаўскім універсітэце. І была самым вядомым у Польшчы мастацтвазнаўцам. Яна з’яўлялася спецыялістам па гісторыі архітэктуры і мастацтва перыяду Рэчы Паспалітай, у тым ліку беларускіх зямель. Даследчыца шмат разоў наведвала Беларусь, любіла яе і беларусаў.
Пад рэдакцыяй гісторыка выйшлі некалькі тамоў даведніка Kościoły i klasztory rzymskokatolickie (“Рымска-каталіцкія касцёлы і кляштары”) па тэрыторыях былых ваяводстваў ВКЛ — Наваградскім, Віленскім, Троцкім, Брэсцкім-Літоўскім. Гэтыя працы змяшчаюць падрабязнае апісанне і вялікую колькасць фатаграфій па помніках архітэктуры, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Аналагаў гэтых даследаванняў няма ў Беларусі. Няма і перакладу гэтых кніг на беларускую мову. Разам са студэнтамі і навукоўцамі з Польшчы Марыя Каламайская-Саід інвентарызавала больш за трыста аб’ектаў сакральнай архітэктуры з тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Марыя Каламайская-Саід звяртала ўвагу на тое, што ў Беларусі часам помнікі архітэктуры не рэстаўрыруюць, а рэканструіруюць. Пры гэтым каштоўныя старажытныя сцены руйнуюць, а замест іх будуюць новыя. Прыкладаў яна прыводзіла многа, але дастаткова хаця б двух найбольш яскравых: як былі знішчаны аўтэнтычныя канструкцыі ў Старым замку каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх у Гародні і ў палацы Радзівілаў у Нясвіжы.
Марыя Каламайская-Саід заўсёды падкрэслівала, што міждзяржаўнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю па праблеме захавання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, на жаль, ніколі не было дастаткова інтэнсіўным і эфектыўным. Даследчыца лічыла, што ўсведамленне сапраўднай каштоўнасці помнікаў гісторыі і культуры Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай можа наступіць толькі пасля грунтоўнага вывучэння гэтай спадчыны.
Беларускае Радыё Рацыя