Не стала Сяргея Гоўшы



На 73-м годзе абарвалася жыццё аднаго з найстарэйшых сябраў “Вясны”, сябры Рады арганізацыі, праваабаронцы з Баранавічаў Сяргея Гоўшы.

Ён быў адным з удзельнікаў стварэння Таварыства беларускай мовы, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 пасля вылучэння Таварыствам беларускай мовы быў абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета.

Пачынаючы з 1997 года, спадар Сяргей у шэрагах сябраў „Вясны”. Не шкадуючы ні сілаў, ні свайго вольнага часу, аказваў дапамогу землякам, абараняў іх на судовых працэсах, дапамагаў абскардзіць несправядлівыя рашэнні ў вышэйшых інстанцыях.

Ён часта звяртаўся да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў з прапановамі і заявамі, датычнымі розных актуальных пытанняў – свабоды мірных сходаў, свабоды слова.

Праваабаронца няўрымсліва адстойваў права беларусаў на свободныя і празрыстыя выбары, шанаваў і абараняў беларускую мову.

Сяргей Гоўша неаднаразова звяртаўся з паведамленнямі ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе ягоныя скаргі былі падтрыманыя і разгледжаныя.

За сваю праваабарончую дзейнасць спадар Гоўша пераследваўся ўладамі, некалькі разоў затрымліваўся міліцыяй, і да апошняга дня заставаўся нязломным барацьбітом за агульначалавечыя каштоўнасці.

Праваабаронцы “Вясны” глыбока смуткуюць з нагоды заўчаснай смерці Сяргея Гоўшы і выказваюць спачуванне ягоным родным і блізкім, а таксама ўсёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой нанесена вялікая страта. 

“Вясноўцы” спадзяюцца, што памяць пра Гоўшу надоўга застанецца ў  памкненнях і сэрцах людзей, а ягоная высакародная справа будзе годна працягнутая аднадумцамі і калегамі.

Вечная памяць, праваабаронца!

https://spring96.org/