Не ўсе прадпрымальнікі даехалі да Менска
Не ўсе прадпрымальнікі, якія хацелі ўзяць удзел у менскай акцыі, змаглі даехаць да сталіцы. Баранавіцкі прадпрымальнік і актывіст Мікалай Чарнавус не меў такой магчымасці. Яго нечакана на 10 гадзін раніцы выклікалі ў гарадскі аддзел міліцыі як сведку. Чарнавус рабіў усё магчымае, каб не атрымаць позвы. Але міліцыя, якая сачыла за Чарнавусам цэлы дзень, змагла ўручыць позву яго сыну. Сын з бацькам жывуць у адным доме.
Кажа Мікалай Чарнавус:
– У позве было напісана, што я сведка. Але які я сведка!? Яны сказалі, што 12 лютага яны ўзялі падпіску, а 15 лютага я паехаў, паводле іх, на несанкцыянаваны мітынг у Менск. На Бангалоры быў дазволены мітынг, таму я і паехаў. А пасля перайшоў на Кастрычніцкую плошчу. Паехаў, каб указ №222 адмянілі, бо ён не пад сілу прадпрымальнікам і народу.
Чарнавуса дзве гадзіны пераводзілі з кабінета ў кабінет, дзе ён адказваў на пытанні і складзеныя міліцыянтамі тлумачэнні. Адпусцілі яго роўна ў 12 гадзін – калі ў Менску пачаўся мітынг. Прадпрымальнік упэўнены, што яго адмыслова выклікалі ў міліцыю, каб ён не змог паехаць у Менск.
Мітынг прадпрымальнікаў у Баранавічах запланаваны на 7 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы