«Не забудзем! Не даруем!»



Пад гэтым ды іншымі лозунгамі суботнім вечарам берасцейцы прайшлі шэсцем ад цэнтра і да месца расстрэлу Генадзя Шутава.

Калона пад бел-чырвона-белымі сцягамі і з кветкамі  падышла да трагічнага месца каля 21-й гадзіны. На «пятачку» ля 20-павярховікаў на рагу Партызанскага праспекта і вуліцы Маскоўскай змясціліся не ўсе, таму частка дэманстрантаў стала ўздоўж праезнай часткі. Там яны разгарнулі вялікае бел-чырвона-белае палотнішча, каб звярнуць увагу кіроўцаў, і тыя сігналілі з сваіх аўто ім у адказ:

– Не забудзем, не даруем! Гэта трагічная ахвяра, якога, дарэчы, яшчэ не пахавалі. Не зразумела, якія там працэдуры ў Менску праводзяцца з целам загінулага. Мы прыйшлі да месца, дзе ён загінуў, гэта сімвалічнае месца.

– Гэта куля ўвайшла ў кожнае наша сэрца без выключэння. Кожны з нас адчуў на сабе гэты ўдар. Кожны з нас разам з ім памёр.

Памяць расстралянага сілавікамі падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Генадзя Шутава ўшанавалі малітвай і «хвілінай цішыні». Па падліках удзельнікаў, у шэсці прынялі ўдзел не менш за 2000 чалавек. Пасля сканчэння жалобы прамоўцы нагадалі пра нядзельны збор а 14:00 на плошчы Леніна.

Беларускае Радыё Рацыя