НЕ заводу АКБ! Год супрацьстаяння
Амаль год прайшоў з моманту першай узгадкі пра будаўніцтва акумулятарнага завода кампаніяй „АйПаўэр” пад Берасцем. Дзясяткі тысяч чалавек пакінулі свае подпісы пад зваротам да кіраўніцтва краіны з просьбай спыніць будаўніцтва. Сотні з іх выйшлі і працягваюць выходзіць на штонядзельныя пратэсты супраць будоўлі, якія называюцца акцыямі па „кармленні галубоў”. Не абышлося і без супрацьдзеяння ўладаў і сілавікоў гэтым пратэстам – у выглядзе штрафаў і арыштаў за „несанкцыянаваныя ўдзелы ў масавых мерапрыемствах”. Пра тое, як змянілася меркаванне берасцейцаў адносна завода за апошні год, распавядае кіраўнік некамерцыйнай установы „За свой горад” Ігар Маслоўскі, які праводзіў апытанне з гэтай нагоды:
– Фактычна ні адзін чалавек не змяніў свой пункт гледжання за гэты час. Людзі выказваліся адкрыта на відэакамеру і не хавалі, што яны былі і тады супраць будаўніцтва і зараз супраць. За гэты час улада не прадаставіла ім нейкай інфармацыі і гарантый, што іх жыццю нішто не пагражае ці ў выніку паступовага забруджвання тэрыторыі свінцом і іншымі адыходамі ці ў выпадку нейкай катастрофы ці аварыі.
Таццяна Фесікава: У нас няма дадзеных, калі плануецца адкрыццё завода. Думаю, што зараз уносяцца нейкія карэктывы ў праект. Шанцы заўсёды ёсць. І нават калі гэты завод пачне працаваць, мы ўсё роўна будзем змагацца, пакуль ён не закрыецца. Таму ў нас настрой катэгарычны: НЕ заводу!
Уладзімір Вялічкін: Спачатку супрацьстаянне развівалася больш-меньш мірна. Пасля пачаліся рэпрэсіі, гэтыя рэпрэсіі ўзмацніліся і раптоўна нейкая цішыня запала. Я думаю, яна часовая. Выставіўшы сябе на ўсеагульныя насмешкі з боку грамадства з затрыманнем таго ж Ліса, супрацоўнікі міліцыі і нашы гарадскія ўлады патрабуюць часу, каб асэнсаваць сваю тактыку супраць праціўнікаў будаўніцтва завода і мабыць яны распрацоўваюць зараз іншыя метады ўздзеяння на актывістаў.
Напрыканцы года адбыліся сустрэчы міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыкі з ініцыятыўнай групай праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Таксама група была намінавана на прэстыжную прэмію ад беларускіх праваабаронцаў, а першы намеснік міністра Худыкі – Ія Малкіна, на думку пратэстоўцаў, змяніла тон у тэлефонных размовах з праціўнікамі будаўніцтва.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце