Неафіцыйна пра правілы дарожнага руху для раварыстаў-шкаляроў
Цыкл семінараў на тэму правілаў дарожнага руху для раварыстаў завяршыўся ў Берасці. Каля 600 шкаляроў прыняло ўдзел у адукацыйных сустрэчах. Толькі за мінулы год загінулі два навучэнцы сярэдніх навучальных установаў, што перасоўваліся па горадзе на роварах.
Гаворыць адзін з арганізатараў мерапрыемстваў, каардынатар кампаніі „За вела Берасце” Уладзімір Красько:
– Такія мерапрыемствы адбываюцца ў школах, штогод яны праводзяцца афіцыйна па адукацыйнай праграме. На наш погляд менавіта прадстаўнікі велаклубаў, недзяржаўных арганізацый могуць размаўляць неафіцыйна са школьнікамі і такім чынам перадаць ім тыя веды і тыя навыкі бяспечнага руху на дарозе, якія ў прынцыпе афіцыйнымі шляхамі нейкімі перадаць немагчыма.
„Мы намагаліся зрабіць нашыя сустрэчы максімальна ў нефармальнай форме, актыўна выкарыстоўвалі такія сучасныя тэхналогіі, як мультымедыя прэзентацыі, у тым ліку відэа, каб інфармацыя прасцей засвойвалася дзецьмі школьнага ўзросту”, – дадаў Уладзімір Красько.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
