Небяспечныя ўмовы працы на водазаборы ў Івацэвічах
Праблемы на рабочых месцах закрытыя пафарбаванымі фасадамі. Як гэта на водазаборы «Шыбельная гара» ў Івацэвічах.
У 2015 годзе была зроблена рэканструкцыя. А ўмовы працы сталі горшымі і больш небяспечнымі, чым былі, кажа аператар Станіслаў Халадовіч:
– Стварыліся пякельныя ўмовы для працы. Ёсць у нас міжраённая інспекцыя па ахове працы, і людзі бываюць у нас з гэтымі праверкамі. Але справа ў тым, што ніколі ніхто ні разу не запытаўся простага працаўніка як ім працуецца, якія ўмовы. Усе засаўкі раскамплектаваныя, круціць даводзіцца рознымі прыстасаваннямі, якія самі мы і прыдумалі.
Паводле Станіслава Халадовіча, масткі, на якіх стаіш, каб закруціць засаўку, вышынёй 2 метры не замацаваныя і пад нагамі хістаюцца. З іх можна лёгка зляцець, а ўнізе- жалеза і бетон. Начальства пра гэта ведае, але іх галоўная задача – пафарбаваць і падмесці, каб было чысценька.
Халадовіч не раз звяртаўся да кіраўніцтва з праблемамі на водазаборы. Вынікам стала непрацягненне кантракта з 22 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя