Небяспека: знаходкі часоў Другой сусветнай вайны



Ад выбуху снарадаў Другой сусветнай вайны сёлета ў Берасцейскай вобласці загінулі дзве асобы. Беларуская зямля дагэтуль захоўвае невыяўленыя выбуховыя рэчы 70-гадовай даўніны. Яны захавалі небяспеку для жыцця. У сувязі з гэтым выратавальнікі праводзяць прафілактычныя працы з насельніцтвам, распаўсюджваюць інфармацыйны матэрыял з парадамі, што рабіць, калі чалавек знойдзе небяспечную рэч. Асаблівая ўвага на дзяцей і падлеткаў, якіх вабяць такія знаходкі. МНС просіць неадкладна паведамляць аб выбухоўцы, адзначыў інспектар пінскай выратавальнай службы Андрэй Вінаградаў:

– Хацелася б звярнуцца ў першую чаргу да дзяцей, да бацькоў, да дырэктароў школ: калі раптам дзеці дзесьці знайшлі нейкі прадмет, які нагадвае снарад або міну, то ні ў якім разу не браць у рукі. Дзяцей папрасіў бы, каб сказалі дарослым і набірайце тэлефон або 101, або 102, і мы будзем адразу гэта ліквідаваць, каб не атрымалася якога-небудзь няшчаснага выпадку.

У беларускіх лясах ды рэках захоўваецца шмат небяспечных артэфактаў Другой сусветнай вайны. Гэта сведчанне аб тым, якія жорсткія вайсковыя дзеянні адбываліся ў Беларусі ў 1939-44 гадах.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота telegraf.by