Недзяржаўныя газеты вяртаюцца ў дзяржаўны распаўсюд



«Новы час» час вяртаецца ў падпісныя каталогі і ў шапікі “Белсаюздруку”, але будзе не танным. Пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку з выданнем нарэшце падпісваюць дамову на дзяржаўны распаўсюд.

Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Гэта «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press», «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета», «ARCHE. Пачатак». Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ. Пакуль што паведамляецца пра тое, што і “Борисовские новости” вяртаюцца ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду. Інфармацыі па іншых выданнях няма. Рэдактар “Новага часу” Аксана Колб мае некалькі перасцярогаў.

Дамова з “Белсаюздрукам” не прадугледжвае, напрыклад, тое, што мы маглі б забраць нерэалізаваныя адзінкі нашай газеты. А гэта значыць, што існуе пагроза таго, што мы папросту не даведаемся, колькі было прададзена нашай газеты, а колькі фактычна засталося нерэалізаванай. Пры чым гэта ўнесена ў дамову, і мы нічога не можам з гэтым зрабіць.

Акрамя таго, не будзе, канешне, радаваць 55% нацэнкі “Белсаюздруку”. Гэта азначае, што альбо мы мусім зніжаць сваю цану, альбо прымушаць нашых чытачоў плаціць больш. Гэта такія два асноўныя моманты, якія пакуль што не дазваляюць мне напоўніцу радавацца гэтай навіне.

РР: А ці падлічылі вы, колькі б каштаваў асобнік газеты ў “Белсаюздруку” з гэтай 55-працэнтнай нацэнкай?

– Калі мы будзем закладаць у кошт толькі выдаткі на друк і паперу, то гэта 56 капеек. І па сённяшніх коштах гэта не так мала.

РР: Крыху дарагавата для газеты… Але вы казалі, што маеце ўжо сталых чытачоў, якія будуць купляць яе.

– Я спадзяюся на іх, як і на тое, што людзі будуць запытвацца ў шапіках пра газету. І калі раптам адкажуць, што яе няма, то будуць тэлефанаваць і паведамляць  нам пра тое: дзе і чаму не прадаецца газета.

Таксама хацела б удакладніць, што газета будзе прадавацца пакуль што толькі па Менску і Менскай вобласці. З іншымі рэгіёнамі трэба заключаць асобныя дамовы.

Ужо 8 красавіка жыхары Менска і Менскай вобласці змогуць набыць газету ў бліжэйшай краме ці шапіку «Белсаюздруку». Акрамя таго, на другое паўгоддзе 2017 года можна будзе падпісацца на «Новы час» праз каталог «Белпошта».

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя