Некампетэнтная міліцыя Берасця?
Пратакол адміністрацыйнага правапарушэння ў адносінах да журналіста Яўгена Скрабца другі раз запар адпраўлены на дапрацоўку. Яго спрабуюць прыцягнуць да адказнасці, прадугледжанай ч.2 артыкула 22.9 КоАП РБ. Прэтэнзіі ў праваахоўнікаў выклікаў факт з’яўлення матэрыялу пад назвай „Берасцейцам прадставілі адзін з сімвалаў горада” на сайце Беларускага Радыё Рацыя.
Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Такія выпадкі былі. Міліцыя не сабрала адпаведны матэрыял для прыцягнення журналіста да адказнасці. Суддзя гэта бачыць, таму адпраўляе на дапрацоўку. Міліцыянты проста не могуць нічога выдумаць, высмактаць з пальца, каб апраўдаць тое, што шляхам запісу інтэрв’ю парушаны правы. Для мяне гэта бязглуздзіца поўная. Пэўна для суддзі таксама. Ну, а ў міліцыянтаў проста не хапае розуму неяк прывесці гэта ў адпаведнасць з заканадаўствам.
Сведкамі па справе выступюць археолаг і выкладчык Аляксандр Башкоў і дырэктар Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў. Абодва, як і Яўген, ужо другі раз замест працы вымушаны знаходзіцца ў чаканні разгляду справы ў будынку суда і другі раз справу пачынаюць разглядаць са спазненнем на дзве гадзіны.
Участковы лейтэнант міліцыі Уладзімір Клышко, які некалькі разоў запар не здолеў належна скласці пратакол, выпадкова трапіў пад прыцэлы камераў мясцовых блогераў, якія прыйшлі падтрымаць Яўгена ў судзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце