Абвінавачаных па „справе БелТА” ставяць у міліцыі на ўлік



Некаторых фігурантаў крымінальнай справы аб несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі — так званай справы БелТА — выклікаюць у міліцыю для пастаноўкі на ўлік.

„Новае ў „справе БелТА”. Следчы камітэт патрабуе з’явіцца ў РУУС для пастаноўкі на ўлік. Раней на ўлік ставілі толькі асуджаных, ці мы ўжо?” — паведаміў у сацсетках адзін з фігурантаў справы, які пажадаў застацца неназваным.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у міліцыю выкліканыя як мінімум чацвёра абвінавачаных па справе. Прычыны для пастаноўкі на ўлік ім не растлумачылі, але адзначылі, што ў выпадку няяўкі фігурантаў могуць даставіць у органы ўнутраных спраў прымусова.

Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарату СК Сяргей Кабаковіч пацвердзіў БелаПАН факт выкліку ў міліцыю аднаго з абвінавачаных. Паводле яго слоў, „адпаведнаму фігуранту справы было ўсё растлумачана”.

Згодна з артыкулам 28 закона „Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, прафілактычны ўлік выкарыстоўваецца ў дачыненні да грамадзян, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці на падставе некаторых артыкулаў КоАП, а таксама якія адбылі цалкам асноўнае і дадатковае крымінальнае пакаранне, за выключэннем грамадзян, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд або ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне.

Акрамя таго, прафілактычны ўлік прымяняецца да грамадзян, у дачыненні да якіх „атрыманыя звесткі аб учыненні дзеянняў, якія могуць стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы, прычыніць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, правам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян або пацягнуць здзяйсненне злачынства”.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла ў каментары БелаПАН адзначыў, што раней не сутыкаўся з практыкай прымянення ў адносінах да абвінавачаных па крымінальных справах прафілактычнага ўліку. „Калі гэта асобы, у дачыненні да якіх вялася крымінальная вытворчасць, то органы следства як мінімум павінны былі спыніць крымінальную справу. Калі ім пра гэта не паведамілі, яны маюць права патрабаваць гэта”, — падкрэсліў юрыст.

Паганяйла таксама звярнуў увагу на неабходнасць уручэння грамадзяніну пры пастаноўцы на ўлік адпаведных дакументаў.

Падставай да распачынання справы згодна з ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) — так званай справы БелТА — стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў.

7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, карэспандэнт агенцтва Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля выхаду з ІЧУ з іх узялі падпіску пра нераскрыванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны. На сёння абвінавачанне ў несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі выстаўленае 14 фігурантам справы.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

belapan.by