Некаторыя лісты падтрымкі праваабаронцу Леаніду Судаленку далучаюць да матэрыялаў крымінальнай справы
Некаторыя лісты падтрымкі праваабаронцу Леаніду Судаленку далучаюць да матэрыялаў крымінальнай справы.
Праваабаронца больш за 100 дзён (з 18 студзеня) знаходзіцца ў гомельскім СІЗА № 3. Яго абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі).
Як стала вядома БелаПАН, некаторыя лісты падтрымкі праваабаронцу не даходзяць да адрасата — іх адбіраюць у СІЗА і перадаюць следчаму для далучэння да матэрыялаў крымінальнай справы. Пра гэта стала вядома з ліста Судаленкі адной з жыхарак Гомеля. „На мой ліст, цалкам нейтральны, прыйшоў адказ ад Леаніда Леанідавіча, што ліст мой яму не аддалі. Толькі далі падпісаць „Акт аб канфіскацыі ліста” для далучэння яго да крымінальнай справы. Таксама ў лісце ён напісаў, што не атрымлівае выпісаную для яго газету „Новы Час”, толькі распісваецца ў тым, што выданне яму аддадуць пасля вызвалення”, — заявіла БелаПАН жыхарка Гомеля.
У лісце праваабаронца таксама адзначыў, што тэрмін яго ўтрымання пад вартай працягнуты да 18 мая.
З падобнай да гэтай сітуацыяй у красавіку сутыкнуўся праваабаронца Аляксей Лойка. Ён адправіў ліст Леаніду Судаленку, але даведаўся, што ён не дайшоў да адрасата, а далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы.
Лойка накіраваў зварот начальніку гомельскага СІЗА № 3 Антону Рубанаву з просьбай патлумачыць, на якой падставе яго ліст не аддалі калегу. У адказе пазначана, што „ліст у адпаведнасці з ч. 4 арт. 18 закона „Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай” канфіскаваны і адпраўлены ў орган, які вядзе крымінальную вытворчасць”.
У гэтай частцы артыкула 18 гаворыцца: „Лісты, якія ўтрымліваюць інфармацыю, што можа перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або яе разгляду ў судзе, а таксама спрыяць учыненню злачынства, якія ўтрымліваюць дзяржаўную ці іншую таямніцу, што ахоўваецца законам, не адпраўляюцца адрасату, не перадаюцца затрыманым і перадаюцца органу, які вядзе крымінальную вытворчасць”.