„Немэтазгодна адзначаць наданне Слоніму Магдэбургскага права”



Жыхар Слоніма Павел Севасцьян звярнуўся ў Слонімскі райвыканкам з прапановай штогод адзначаць, ці хаця б у юбілейныя гады, наданню Слоніму Магдэбургскага права.

Нядаўна слонімец атрымаў адказ за подпісам намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкама Тамары Ямелінай. У лісце Паўлу Севасцьяну спадарыня Ямеліна паведаміла (тэкст друкуецца згодна арыгіналу):

“Паважаны Павел Сямёнавіч! Слонімскі раённы выканаўчы камітэт (далей – райвыканкам) паведамляе наступнае. 01.07.2021 была праведзена дыялогавая пляцоўка “Рэспубліка Беларусь: упэўненым крокам на шляху незалежнасці” з удзелам кіраўніцтва райвыканкама, прадстаўнікоў грамадства, настаўнікаў гісторыі. На пляцоўцы таксама было разгледжанне пытанне штогод (20 студзеня) праводзіць святкаванне атрымання Слонімам Магдэбурскага права. У выніку дыскусіі і на падставе гістарычных фактаў было прынята рашэнне аб немэтазгоднасці правядзення святкавання 20 студзеня атрымання Слонімам Магдэбурскага права”.

Паўстае пытанне: хто прысутнічаў на той “дыялогавай пляцоўцы” ад грамадскасці, хто быў з настаўнікаў гісторыі, каго запрасілі з мясцовых даследчыкаў гісторыі Слонімскага краю, краязнаўцаў, літаратараў, мастакоў?.. Пра гэта ў адказе ані слова. Таму атрымалася чыстая адпіска – немэтазгодна. Калі Магдэбургскае права для вертыкальшчыкаў Слоніма немэтазгодна, дык пра якую іншую добрую справу можа весціся гутарка?.. Хаця многія гарады Беларусі, якія ў свой час атрымалі Магдэбургскае права, гэту падзею адзначаюць мемарыяльнымі шыльдамі, навуковымі канферэнцыямі, сустрэчамі і прэзентацыямі. У Слоніме – немэтазгодна…

Беларускае Радыё Рацыя