Немцы каля Слоніма захапілі расейскі самалёт



Гэтыя ўнікальныя, рэдкія здымкі былі зроблены кайзераўскім афіцэрам-фатографам у 1916 годзе каля Слоніма. На іх адлюстраваны расейскі самалёт з пілотам, які захапілі немцы. Пілотам была расейская лётчыца-казачка. Хаця вядома, што падчас Першай сусветнай вайны пілотамі былі толькі мужчыны. А тут даволі рэдкія здымкі. Альбо немцы гэтыя здымкі падпісалі так, каб паказаць, што пілотамі ў расейскай арміі з’яўляюцца не толькі мужчыны, але і жанчыны. Альбо на самой справе на баявых самалётах Першай сусветнай вайны ляталі і жанчыны, вось як на гэтых здымках.

Спецыяліст па самалётах дзвюх апошніх войнаў Сяргей Пшыркоў – сын вядомага беларускага літаратуразнаўцы Юльяна Пшыркова, які цяпер жыве ў Падмаскоўі, – пракаментаваў здымкі так: “Ваенных лётчыц у часы Першай сусветнай вайны не было. Што рабiў гэты самалёт  пад  Слонiмам – цяжка сказаць. Магчыма, для справаздачы немцы гэтыя здымкі скампанавалі. Але я яшчэ раз паўтару, што дзяўчат ваенных лётчыц тады не было”. Усе фотаздымкі друкуюцца сёння ўпершыню.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя