Непадалёк Арлянкі пад Маларытай усё ж стралялі
Як мінімум два стрэлы ў падзеях пад Маларытай мелі месца. Такую выснову можна зрабіць з паведамлення ў афіцыйнай суполцы Упраўлення ўнутраных спраў Берасцейскага аблвыканкама. Па версіі сілавікоў: 12 кастрычніка 2016 года каля паловы на восьмую раніцы АМАП затрымаў 55-гадовага Мікалая Бяльчука, пра прычыне таго, што ён знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку. Мікалая вінавацілі ў здзяйсненні злачынства прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта «гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які сочыць за сітуацыяй:
— Трэба ўважліва выслухаць абодва бакі. Міліцыя мае сваю версію, а сям′я Бельчукоў — сваю версію. Калі казаць пра Бельчукоў дык з іх слоў людзі ў цывільным на машыне без апазнавальных знакаў, акрамя рэгістрацыйных, спрабавалі захапіць іх аднавяскоўцаў. Яны кінуліся іх бараніць, як яны думалі, ад бандытаў. Гэтую версію падтрымліваюць аднавяскоўцы гэтай сям′і.
З паведамлення УУС таксама вынікае, што цяпер, аналагічная справа заведзена і на 54-гадовага брата Мікалая Бяльчука – Аляксандра, які і трапіў у шпіталь з траўмай вока, на ягоную думку, ад дотыкавага пралёту кулі. Пазней, па словах Аляксандра, адпаведнага заключэння ці была гэта куля дактары не зрабілі. Пасля выпіскі з Маларыцкай бальніцы, ён быў выкліканы да следчага, дзе неўзабаве яго затрымалі. Вінавацяць Аляксандра па тым жа артыкуле што і Мікалая і цяпер абодва знаходзяцца пад вартай. У панядзелак імаверна стане вядома пра абраную для яго «меру стрымання» для яго.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце-Маларыта