Непад’ёмны штраф за здымак з бел-чырвона-белымі сцягамі



Бярозаўскі суд чарговы раз прадэманстраваў свой бесчалавечны твар. Суддзя Наталля Мінчанка адмовіла ў растэрміноўцы па выплаце штрафу 40 базавых велічын актывістцы з Белаазёрска Валянціне Тарасюк.

Тарасюк гадуе адна двух сыноў, адзін з якіх непаўнагадовы. Па прафесіі архітэктар, жанчына не мае сталай працы і перабіваецца выпадковымі заробкамі, кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Адмовіўшы ў растэрміноўцы выплаты штрафу, спадарыня Тарасюк не зможа аднаразова выплаціць амаль 1200 рублёў. У выніку судовыя выканаўцы накладуць арышт на нейкую маёмасць альбо прададуць яе, альбо налічаць пеню на выплату штрафу. Яны заганяюць маці дваіх дзяцей у грашовую кабалу ад дзяржавы.

Штрафам Валянціну Тарасюк пакаралі за здымак ў інтэрнэце, дзе 15 чалавек стаялі ў форме сэрца, закрытыя бел-чырвона-белымі сцягамі. На ўсялякі выпадак міліцыянты пакаралі трох актывістаў, якія раней “засвяціліся” на акцыях і былі за гэта аштрафаваны.

На фота: суддзя Наталля Мінчанка

Беларускае Радыё Рацыя