Непакінутыя па-за ўвагай



На Берасцейшчыне таварыства інвалідаў па зроку правяло пералік і перапіс абласной структуры. Яна складаецца з 18 арганізацый, якія дзейнічаюць ва ўсіх раёнах Берасцейшчыны і 3263 чальцоў, сярод якіх звыш 200 маладзёнаў.

Намеснік старшыні абласнога таварыства Андрэй Лявіцкі адзначыў, што гэтыя лічбы з’яўляюцца стымулам, каб больш і якасна праводзіць рэабілітацыйную працу:

–   Усё, што тычыцца нашых сацыяльных праектаў, то яны выконваюцца. Праводзілі нядаўна фестываль народных калектываў у Гародні, бралі ўдзел у пятай спартакіядзе, якая прайшла даволі паспяхова. На жаль, наша Берасцейская вобласць у гэтым годзе выступіла не вельмі добра – у цэлым занялі 5 месца. Але нашыя міні-футбалісты занялі 1 месца, у армрэслінгу – 2 месца. Плыўцы і бегуны паказалі нядрэнны вынік. Самае галоўнае – удзел. Мы ведаем ужо нашы недахопы і будзем выпраўляць іх у наступным годзе.

Каб даведацца, якія на сённяшні дзень актуальныя праблемы для інвалідаў па зроку, быў праведзены конкурс “Слова за намі”. У форме эсэ кожны ахвотны берасцеец з захворваннем на зрок выказаў свае заўвагі. Праблемы аказаліся нязменнымі: працаўладкаванне, паляпшэнне безбар’ернага асяроддзя ды стварэнне сацыяльнага жылля.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота kprf.ru