Непаслухмяны Лукашэнка і яго тупік



Сёння сусветная прэса звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка стаўся ахвярай уласнай палітыкі лавіравання. А таксама разглядаецца тэма дачыненняў Ізраіля і краін арабскага свету. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Чэшскае выданне Hospodarske Noviny выходзіць з загалоўкам „Непаслухмяны Лукашэнка і ягоны старэйшы брат”: калі ў панядзелак падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы Аляксандр Лукашэнка зноў назваў Расею старэйшым братам Беларусі, расейскі прэзідэнт імгненна зразумеў — прыйдзецца раскашэліцца. Гэтак жа, як ужо шмат разоў за мінулыя гады, калі беларускі аўтарытарны кіраўнік сутыкаўся з цяжкасцямі, пераставаў рабіць з сябе непакорлівага малодшага брата і бег да старэйшага прасіць дапамогі. Вось ужо больш за месяц не сціхаюць пратэсты беларускіх грамадзян супраць фальсіфікаваных выбараў, нават нягледзячы на пагрозу паліцэйскага гвалту. Нават па сканчэнні 26 гадоў Аляксандр Лукашэнка не збіраецца пакідаць прэзідэнцкую пасаду, і Расея засталася яго адзіным саюзнікам. Але і падтрымка ўсходняга суседа, хутчэй за ўсё, не прынясе яму жаданага выніку — вяртання сітуацыі да давыбарнай, калі ён з’яўляўся практычна нічым не абмежаваным кіраўніком сваёй краіны. За сваю дапамогу Расея запатрабуе далейшай інтэграцыі Беларусі ў так званую саюзную дзяржаву. Замест таго, каб будаваць эканамічную незалежнасць ад свайго суседа, Лукашэнка абраў больш зручны і для яго самога, і для паплечнікаў фінансава выгадны шлях далейшага паглыблення залежнасці ад Расеі. У Расею адпраўляецца больш за палову беларускага экспарту, і галоўнымі артыкуламі даходу бюджэту з’яўляюцца транзіт расейскага газу ў Еўропу і продаж прадуктаў нафтахіміі, якія Беларусь атрымлівае на сваіх НПЗ з расейскай нафты. Немалаважна, што расейскі „Расатам” пабудаваў на грошы з расейскага крэдыту першую беларускую АЭС, тым самым прывязаўшы Беларусь да Расеі яшчэ і ў энергетыцы. Лукашэнка канчаткова ўграз у пастцы, якую абыходзіў многія гады, хітра лавіруючы паміж Расеяй і Еўрапейскім Звязам. Каб застацца прэзідэнтам у сваёй краіне, ён вымушаны пагадзіцца на яе далейшую інтэграцыю ў малох свайго магутнага суседа. Аднак так ён сам сябе пазбавіць палітычнай улады і ўплыву, і ў канчатковым рахунку вынік будзе такім жа, калі б ён проста сышоў у адстаўку. Прэзідэнтам самастойнай дзяржавы ён не будзе і стане максімум паслухмяным пуцінскім губернатарам. Але пракладзены шлях у Расею будзе доўжыцца, і агонія зацягнецца. А тое, што гэты шлях будзе зневажальным, не выклікае сумненняў, бо Лукашэнка звяртаецца да Уладзіміра Пуціна не як роўны да роўнага, а як малодшы брат, які нашкодзіў, да старэйшага, піша чэшская газета.

А цяпер мы ўпершыню за апошнія тыдні звернемся да публікацыі не пра Беларусь. Але тэма, якая ўзнімаецца, таксама мае вялікую важнасць. Так бы мовіць, вечны канфлікт Ізраіля з арабскім светам. Гэта матэрыял амерыканскага выдання Project Syndicate „Арабская здрада Палестыне”. Для краін з глыбокімі рознагалоссямі лічыцца, тым не менш, нармальным весці дыпламатычныя, гандлёвыя і камерцыйныя адносіны. Але бываюць абставіны, калі такія сувязі немагчымыя. Гэта, несумненна, адносіцца да дачыненняў большасці краін свету з Паўночнай Карэяй, а таксама да ранейшых адносінаў ЗША і Кубы (а цяпер ЗША і Венесуэлы), ізраільскай палітыцы ў дачыненні Ірана, адносінаў Саудаўскай Аравіі і Катара, большасці краін арабскага свету і Ізраіля. Але калі парушэнне краінай міжнародных нормаў, выкарыстанне ёю расісцкай рыторыкі і парушэнне правоў людзей, якія знаходзяцца пад яе кантролем, служаць падставай для адмовы ў нармальных адносінах, тады наколькі апраўданым з’яўляецца цяперашняе гістарычнае збліжэнне арабскіх і мусульманскіх краін з Ізраілем? У дачыненні да ўласных габрэйскіх грамадзян Ізраіль дзейнічае дэмакратычна, але яго палітыку ў дачыненні да негабрэйскіх грамадзян і акупацыю і каланізацыю палесцінскіх тэрыторый ААН называе парушэннем міжнароднага права. Зрэшты, палітыка арабскіх краін і краін з мусульманскай большасцю ў дачыненні да Ізраіля заўсёды была гатовая змяніцца пры ўмове выканання пэўных патрабаванняў. Прапанаваная Саудаўскай Аравіяй «Ініцыятыва Арабскага свету», аднагалосна ўхваленая ў 2002 годзе, а затым зацверджаная Арганізацыяй ісламскага супрацоўніцтва, прапануе нармалізацыю дыпламатычных адносін у абмен на сыход Ізраіля з тэрыторый, захопленых ім у 1967 годзе. Ізраіль проста просяць падпарадкавацца міжнароднаму праву. Як ясна гаворыцца ў рэзалюцыі № 242 Савета Бяспекі ААН (за 1967 год), маецца глабальны кансэнсус аб «непрымальнасці захопу земляў ваенным шляхам”, і таму Ізраіль абавязаны вывесці войскі з акупаваных тэрыторый, а затым рэгуляваць праблему палесцінскіх бежанцаў, якая ўзнікла ў момант заснавання Ізраіля ў 1948 годзе, піша аўтар артыкула, вядомы палесцінскі журналіст Дауд Кутаб. Нават у гэтым вострым пытанні арабскія і мусульманскія краіны праявілі крайнюю падатлівасць, дамовіўшыся, што «справядлівае ўрэгуляванне праблемы палесцінскіх бежанцаў будзе ўзгоднена ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН № 194». Іншымі словамі, Арабская ліга пайшла настолькі далёка, што прадставіла Ізраілю права вета на спосабы рэалізацыі гэтага неад’емнага права грамадзян. Ізраіль не толькі адхіліў гэты план, але і пайшоў на абвастрэнне сітуацыі. Пад наглядам ізраільскай арміі актывізавалася будаўніцтва незаконных габрэйскіх паселішчаў, а для таго, каб вызваліць для іх месца, бульдозеры зносілі дамы палесцінцаў. Пасля гэтага скрайне правы ўрад Ізраіля пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху выступіў у падтрымку адкрытага крадзяжу — шляхам анексіі — новых участкаў палесцінскай тэрыторыі. Улічваючы такую ваяўнічасць кіраўніцтва ў Ізраілі, шмат хто ў рэгіёне і па-за яго межамі былі вельмі здзіўлены, калі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты вырашылі нармалізаваць адносіны з Ізраілем. ААЭ, дзе жывуць усяго толькі 1 мільён 400 тысяч грамадзян, парушаюць глабальны кансэнсус, якога прытрымліваюцца 423 мільёны арабаў і 1 мільярд 800 тысяч мусульман. Праз месяц пасля рашэння ААЭ пра сваё жаданне рушыць услед іх прыкладу абвясціў Бахрэйн, дзе жывуць усяго 1 мільён 600 тысяч чалавек. Кіраўніцтва ААЭ сцвярджае, што ўзаемадзеянне з Ізраілем падвысіць шанцы на дасягненне прымальнага мірнага ўрэгулявання і спыненне акупацыі, і падкрэслівае, што Ізраіль пагадзіўся прыпыніць запланаваную аднабаковую анексію. Але калектыўны вопыт палесцінцаў і арабаў па заключэнні міру з Ізраілем у мінулым, паказвае, што ўсё гэта пустыя аргументы. Заляцанні ААЭ толькі дазволяць Ізраілю ўзмацніць сваю пазіцыю. І сапраўды, не прайшло шмат часу, як Нетаньяху (якому прад’яўленыя абвінавачванні ў карупцыі, і таму яму адчайна патрабуецца палітычнае прыкрыццё) абвясціў, што «пытанне анексіі ўсё яшчэ разглядаецца». Так, вядома, у Ізраіля і ААЭ з Бахрэйнам няма тэрытарыяльных спрэчак, падобных тым, што стаялі ў мінулым на шляху аналагічных пагадненняў з Егіптам і Ярданіяй. Але гэтыя пагадненні даказваюць, што нармалізацыя адносінаў з Ізраілем ніяк не спрыяе прасоўванню справы міру.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.