„Непатапляльныя” беларускія чыноўнікі
Чарговы раз у судзе Баранавіцкага раёну прадэманстравана безадказнасць чыноўнікаў перад законам. Намесніку начальніка аддзела ідэалогіі і культуры Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыю Варвашэню ўдалося пазбегнуць пакарання за прымяненне фізічнай сілы да жыхара вёскі Малая Сваротва – Івана Афанасіка. Другі крыўдзіцель – старшыня калгаса “Зарэчанскі” Віктар Савось – наогул не быў прыцягнуты да адказнасці.
Справа была зацягнута наўмысна, – кажа Іван Афанасік:
– Я патэлефанаваў старшыні суда Кміту Мікалаю Аляксеевічу і спытаў, чаму не прызначаюцца слуханні. Ён паабяцаў разабрацца. Пачалі разбірацца, але я праўды так і не знайшоў.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і актывіст кампаніі “Гавары праўду”, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту, які дапамагае Івану Афанасіку, Валянцін Лазарэнкаў.
– Зразумела, чаму са спазненнем, бо справа тычыцца двух кіраўнікоў, якія займаюцца рукапрыкладствам. І іх прыцягнуць нельга.
Прыгадаем, што прадстаўнік Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэту і старшыня калгасу з ужываннем фізічнай сілы выкінулі Івана Афанасіка з мясцовага Дома культуры на вачах аднавяскоўцаў. Ён адзіны паспрабаваў заступіцца за дырэктарку Дома культуры Людмілу Галёву, якую звальнялі з працы.
Суддзя суда Баранавіцкага раёну і горада Баранавічы Юльяна Шчэрба дапусціла грубыя працэсуальныя памылкі, заяўляе мясцовы актывіст Віктар Сырыца.
Актывіст нават пакінуў адпаведны запіс у кнізе скаргаў:
– Суддзя, пачаўшы працэс, не прадставіла склад суда, не сказала пра правы і абавязкі ўдзельнікаў працэсу і прычапілася, быццам нехта вёў аўдыёзапіс. Хоць па законе аўдыёзапіс можна весці, не пытаючыся дазволу суда. Запрасілі толькі Афанасіка і Варвашэню, а прысутных – 10 чалавек – не пускалі.
Прысутныя нагадалі суддзі, што працэс адкрыты. Гэты працэс працягнуўся каля 15 хвілін, суддзя нават не выклікаўшы сведку, абвясціла, што тэрмін для пакарання чыноўніка прайшоў.
Беларускае Радыё Рацыя