Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі адзначае сваё 10-годдзе
Саюз палякаў на Беларусі з нагоды 10-годдзя дзейнасці ва ўмовах непрызнавання ўладамі краіны арганізуе шэраг урачыстых мерапрыемстваў у Варшаве.
Урачыстасці адбудуцца 18-19 красавіка ў Доме палоніі на Кракаўскім прадмесці. Запланавана правядзенне канцэрта польскіх гуртоў з Беларусі і выстава карцін сяброў таварыства польскіх мастакоў, што дзейнічае пры Саюзе палякаў.
Як зазначае старшыня галоўнай рады арганізацыі Анжаліка Борыс, нягледзячы на дзясяцігадовы пераслед з боку ўладаў, Саюз палякаў надалей дзейнічае, папулярызуючы польскія традыцыі, мову і культуру:
– Мы дзейнічам у інтарэсах польскай справы. Сітуацыя сёння змянілася, але не пагоршылася.
У межах урачыстых мерапрыемстваў у Варшаве запланаваная фотавыстава” 10 гадоў дзейнасці Саюза палякаў ва ўмовах непрызнавання беларускімі ўладамі”, а таксама прэзэнтацыя дзясяцігадовай дзейнасці арганізацыі і панэльная дыскусія на гэтую тэму.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
З нагоды дзесяцігоддзя скасавання легальнай дзейнасці, Саюз палякаў на Беларусі зарганізоўвае шэраг імпрэзаў, прысвечаных сакавіцкім падзеям 2005 года. Сярод запланаваных мерапрыемстваў – паказ дакументальнага фільма “Анжаліка і яе каманда”, а таксама канцэрты, выставы і канферэнцыі, якія будуць адбывацца як у Беларусі, так і на тэрыторыі Польшчы.
Цягам 10-гадовай дзейнасці актывісты Саюза палякаў бесперапынна пераследуюцца беларускімі спеслужбамі, што на думку старшыні Галоўнай рады арганізацыі Анжалікі Борыс, з’яўляецца сведчаннем адпаведнага стаўлення да польскай меншасці ўладаў краіны:
– Ідзе змаганне з польскасцю і незалежнасцю найбуйнейшай польскай арганізацыі ў Беларусі. Мы страцілі 16 польскіх дамоў. У большасці гэтых дамоў функцыянавалі польскія школы, адбывалася навучанне польскай мове.
Дзесяць гадоў таму, 12-13 сакавіка 2005 года, адбыўся шосты з’езд Саюза палякаў на Беларусі, на якім старшынёй арганізацыі большасцю галасоў была дэмакратычна абраная непажаданая для ўладаў Анжаліка Борыс. Міністэрства юстыцыі скасавала рашэнне з’езда, а арганізацыя польскай меншасці на чале з Анжалікай Борыс стала дзейнічаць нелегальна.
Пачынаючы з 2005 года на Беларусі дзейнічае 2 Саюзы палякаў: праўладную арганізацыю польскай меншасці ўзначальвае Мечыслаў Лысы, а на чале Саюза палякаў, які прызнае Польшча і міжнародная супольнасць, знаходзіцца Мечыслаў Яскевіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня