„Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі”
Журналіст Беларускага Радыё Рацыя Уладзімір Хільмановіч стаў адным з пераможцаў конкурсу „Абяры жыццё”, які праводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў. Конкурс прысвечаны тэме смяротнага пакарання.
Сярод узнагароджанных таксама журналісты Адар’я Гуштын і Віктар Федаровіч.
Узнагароды былі ўручаны падчас міжнароднай канферэцыі „Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі”.
Па словах Уладзіміра Хільмановіча, звестка аб тым, што ён стаў лаўрэатам конкурсу, выклікалі супярэчлівыя пачуцці:
– З аднаго боку прыемна, калі тваю працу журналісцкую, публіцыстычную адзначаюць. А з іншага боку – вельмі сумная намінацыя. Шчыра ўдзячны калегам, шчыра ўдзячны БАЖу, Беларускаму Радыё Рацыя, што свае погляды ўдалося выявіць і рэтрансляваць. Хочацца пажадаць, каб мы былі апошнімі намінантамі па гэтай тэме, каб праблема смяротнага пакарання, дай Бог, была знятая праз год, і не было бы конкурсу на такую тэматыку.
Уладзімір Хільмановіч працяглы час займаецца праблемай смяротнага пакарання. На конкурс быў прадстаўлены артыкул „Права на жыццё”, надрукаваны ў Беластоцкай газеце „Ніва” і ў персанальным блогу на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Матэрыял быў прысвечаны справе Паўла Селюна, які за двайное забойства быў асуджаны да выключнай меры пакарання і расстраляны ў красавіку гэтага году.
Рыгор Васілевіч, былы старшыня Канстытуцыйнага суду і Генеральны пракурор Беларусі лічыць, што пытанне адмены смяротнага пакаранння ў Беларусі не за гарамі. Пра гэта ён заявіў на міжнароднай канферэнцыі „Несмяротнае пакаранне”, якая праходзіць у Менску.
Гэта складанае пытанне і вызначэнне далейшых крокаў знаходзіцца ў кампетэнцыі дзяржаўнай улады. Аднак тэндэнцыі скарачэння злачыннасці ў Беларусі і ў прыватнасці, забойстваў, дазваляюць спадзявацца, што смяротнае пакаранне можа быць адмененае, – лічыць Рыгор Васілевіч.
– З часу вынясення заключэння Канстытуцыйнага суда 11 сакавіка 2004 года, калі мы вынеслі прапанову аб увядзенні мараторыя на выкарыстанне смяротнага пакарання за асабліва цяжкія злачынствы, колькасць злачынстваў зменшылася значна. Неабходна рыхтаваць грамадскую думку да таго, што рана ці позна смяротнае пакаранне як від пакарання мусіць быць адмененым. На гэта арыентаваны 24 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – у гэтым артыкуле падкрэслены часовы характар выкарыстання гэтага віду пакарання.
А калі Беларусь хоча быць сябрам Савета Еўропы, то рашэнне аб адмене ці мараторыі на смяротнае пакаранне абавязкова павінна быць прынятае, – падкрэсліў Рыгор Васілевіч. Іншая справа, – калі, да ўступлення ці пасля яго? Досвед іншых краінаў, напрыклад Расеі, сведчыць, што пры ўступленні ў гэтую арганізацыю даецца пераходны перыяд, каб прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі і стандартамі, – удакладніў Рыгор Васілевіч
У Менску адбываецца міжнародная канферэцыя „Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі”. Па словах аднаго з яе арганізатараў і мадэратараў, старшыні Беларускага хельсінскага камітэту Алега Гулака, важнасць гэтай тэмы падкрэслівае і склад удзельнікаў.
Сярод іх прадстаўнікі як грамадскіх арганізацый, так і ўладных структураў: Генеральнай пракуратуры, Вярхоўнага Суду, Палаты прадстаўнікоў.
„Каштоўнасныя, светапоглядныя рэчы, пра якія мы кажам на гэтай кнферэнцыі вельмі важныя для грамадства. Пра гэта сведчаць і вынікі нашых адмысловых даследаванняў”, – адзначае Алег Гулак.
– Наша даследванне паказвае, што вельмі шмат залежыць ад таго, як пастаўленае пытанне і пра што ў чалавека запытваюцца і наколькі падрабязна запытваюцца. Проста пытанне – за ці супраць – гэта адно. А калі ўводзяцца туды дадатковыя фактары з нейкімі ўмовамі, то тады адразу пачынаюцца больш цікавыя адказы.
Паводле Алега Гулака, апытанні паказваюць, што погляды грамадства на смяротнае пакаранне змяняюцца. Усё больш грамадзянаў выступаюць за яго адмену.
У Беларусі, як ніколі раней, грунтоўна абмяркоўваюцца магчымасць змены канцэпцыі крымінальнага пакарання. Для краіны гэта можа стаць знакавым момантам, – лічыць каардынатар праекту „Міжнародная турэмная рэформа” Сяргей Шымавалос.
Пра гэта ён сказаў на канферэнцыі „Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі”, якая праходзіць у Менску. Змена канцэпцыи вядзе да прызнання іншых каштоўнасных арыентыраў, якія пабудаваныя на рэсацыялізацыі асуджаных, на паўнавартаснае вяртанне іх у грамадства:
– Гэты выбар прайшлі практычна ўсе краіны постсавецкія. І Беларусь тут – не выключэнне, бо тут ёсць жыццёвая неабходнасць зрабіць выбар каштоўнасцяў – альбо ізаляваць асуджаных, альбо ствараць для іх магчымасць захоўваць свае чалавечыя сацыяльныя навыкі і развіваць паўнавартасную асобу.
Гэта розныя накірункі, якія супярэчаць адзін аднаму, – падкрэслівае Сяргей Шымавалос. Пытанне, які арыентыры пры рэфармаванні сістэмы крымінальнага пакарання выбраць, старыя савецкія рэпрэсіўныя ці больш гуманныя еўрапейскія, і абмяркоўваецца зараз у Беларусі.
Тэма смяротнага пакарання таксама гучыць у кантэксце гэтых спрэчак. Пры выбары накірунку на нармалізацыю, на сацыяльную адаптацыю гэтая праблема адпадзе сама па сабе, яна проста не ўпісваецца ў новую канцэпцыю, – лічыць Сяргей Шымавалос.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя