Nestlé плануе „значна скараціць” рэкламныя бюджэты для беларускага ТБ



Nestlé, адзін з найбуйнейшых рэкламадаўцаў дзяржТБ, плануе „значна скараціць” рэкламныя бюджэты для беларускага тэлебачання. Але ў кампаніі не агучылі ні лічбы, ні даты.

У сувязі з размяшчэннем рэкламы Nestlé на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі да генеральнага дырэктара кампаніі Ульфа Марка Шнайдера і старшыні Савета дырэктараў Nestlé Поля Бюльке раней звярнулася з адкрытым лістом нямецка-швейцарская няўрадавая арганізацыя Libereco. У лісце, да падпісання якога далучыліся 52 няўрадавыя арганізацыі з 18 краін, у тым ліку „Рэпарцёры без межаў”, Libereco заклікала неадкладна спыніць размяшчэнне рэкламы Nestlé ва ўсіх „кантраляваных дзяржавай” беларускіх СМІ. Актывісты расцанілі размяшчэнне рэкламы ў гэтых арганізацыях як „прамое фінансаванне дзяржаўнай прапаганды”.

Яшчэ ўвосень іншы буйны рэкламадаўца – кампанія „Марс” – адмовілася скарачаць бюджэты на рэкламу ў дзяржСМІ, абгрунтаваўшы гэта тым, што яны „не прымаюць удзел у палітычных паўстаннях”.