Несвабода прэсы: прысуд Дзянісаву і Кіркевічу пакінулі ў сіле
Прысуд гарадзенскім фрылансерам Алесю Дзянісаву і Алесю Кіркевічу пакінулі ў сіле. Абласны суддзя Мікалай Рачынскі на разгляд скаргі выдзяліў некалькі хвілін і пакінуў ў сіле рашэнне Ленінскага суда Гародні.
У жніўні 2015 года суддзя Ленінскага раёна Юры Казакевіч пакараў хлопцаў штрафамі ў памеры 25 базавых велічыняў кожнаму за матэрыял пра выставу літоўскіх лялек, які з’явіўся на старонцы канала «Белсат».
Сённяшняе рашэнне каментуе Алесь Дзянісаў:
– Сістэма працуе. У мяне нават ніякай надзеі не было на тое, што гэты прысуд будзе адменены. Адзінае, дык гэта трэба сказаць дзякуй суддзі, што зрабіў гэта вельмі хутка, нават 5 хвілін не прайшло.
Алесь Кіркевіч:
– Дадзеная справа – фармальнасць як для міліцыі, так і для судоў. Міліцыянты неаднаразова казалі нам, калі складалі пратаколы, што гэта ўсё спускае “старэйшы брат” з КДБ. Тут не магло нічога адбыцца. І назваць гэта судовым паседжаннем цяжка, бо суд нічога не вырашае і не разглядае. Зараз мы яшчэ раз у гэтым пераканаліся.
Гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Ніякай сенсацыі мы сёння не заўважалі. Па звыклым сцэнары адбыўся разгляд касацыйных скаргаў Дзянісава і Кіркевіча. Суддзя Мікалай Рачынскі проста пацвердзіў рашэнне суда Ленінскага раёна. Такім чынам, тыя словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што ён разбярэцца ў сітуацыі, – а тым часам журналістаў-фрылансераў судзяць і караюць вялізнымі штрафамі – проста засталіся гучнымі словамі.
У Гародні за два гады адбыліся суды над журналістамі Беларускага Радыё Рацыя і тэлеканала “Белсат”. Агульная сума штрафаў, якія журналісты мусілі заплаціць дзяржаве, складае некалькі тысяч еўра.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе існуе патрабаванне абавязковай акрэдытацыі замежных СМІ.
Гарадзенския праваабаронцы ў разе парушэння правоў чалавека прапануюць звяртацца ў грамадскую прыёмную „Вясны”, дзе можна атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу і кансультацыі. Звяртацца праз тэлефоны: 8-029-6-99-11-25 альбо 8-029-67-6-04-67 (Velcom).
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня